лёс 1, ‑у, м.
1. Ход падзей, якія складваюцца незалежна ад волі чалавека; збег акалічнасцей. [Ігнат:] — Калі ўжо лёс звёў нас у адзін гурт, я іменем партыі патрабую дысцыпліны. Мікуліч. Добры лёс паслаў .. [Крамарэвічу] чалавека з душой і розумам. Чорны.
2. Доля. Людскі лёс. Жаночы лёс. □ Бацькам маім нялёгкі выпаў лёс: Яны ў баях нам здабывалі волю. Свірка.
3. Развіццё чаго‑н.; далейшае існаванне, будучыня. Гістарычны лёс нацыі. Лёс чалавецтва. □ Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. Атрад зрабіў круты і раптоўны паварот на паўднёвы ўсход, назад, у глыб пушчы. Гэты круты паварот ледзь не стаў паваротам у лёсе атрада. Брыль. Косцік ляжаў.. і не ведаў, што сёння вырашаецца яго лёс. Баранавых.
•••
Іронія лёсу гл. іронія.
На волю лёсу гл. воля.
лёс 2, ‑у, м.
Глебаўтваральная рыхлая горная парода светла-жоўтага колеру; жаўтазём.
[Ням. Löss.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)