Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кно́пачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кнопкі. Кнопачная плешка. // З кнопкай (у 2 знач.). Кнопачны выключальнік.

кно́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Род цвічка з круглай шырокай плешкай, якім прымацоўваюць паперу, тканіну да чаго‑н. цвёрдага. На сцэну падняўся інжынер-архітэктар, раскруціў вялізны ліст паперы і прыкалоў яго кнопкамі. Чорны.

2. Рухомы пупок, які служыць для замыкання электрычнага ланцуга і прывядзення ў дзеянне розных механізмаў націсканнем на яго. Кнопка электрычнага званка. □ Недзе там далёка наверсе дзяжурны механік націснуў кнопку, і клетка нячутна паплыла ўгору. Кулакоўскі.

3. Род металічнай засцежкі, якая складаецца з дзвюх частак, што ўваходзяць адна ў другую. Кофта на кнопках. □ Начальнік адшпіліў кнопкі і выцягнуў карту з планшэта. Самуйлёнак. // перан. Разм. Пра маленькага вяртлявага чалавека. — Ды і хто яна такая, гэта кнопка, каб весці допыт? Ваданосаў.

•••

Націснуць на (усе) кнопкі гл. націснуць.

[Ад гал. knoop — гузік.]

кно́пкавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і кнопачны.

кно́раз, ‑а, м.

Разм. Тое, што і кныр. Узяў .. [Яўген] двое падсвінакаў, а мне — кнораза і старую свінню пакінуў. Баранавых.

кнот, ‑а, М кноце; мн. кнаты, ‑оў; м.

Спецыяльная стужка або скручаная ніць, якая служыць для гарэння ў газавай лямпе, свечцы і пад. Нехта падняўся і падкруціў кнот у лямпе. Кавалёў. // Шнур для перадачы агню на адлегласць (пры падпальванні, узрыванні чаго‑н.). «Хлопцы! Трымайцеся моцна, браточкі! Кнот запалілі, паклалі мы ў бочку!..». Дубоўка.

[Ням. Knoten — вузел.]

кно́тавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кнота. Кнотавы нагар. // Які дзейнічае пры дапамозе кнота. Кнотавая газніца.

кно́цік, ‑а, м.

Памянш. да кнот; маленькі кнот. Кноцік упаў на стол, агонь зусім апаў, але затрымаўся на момант, падняўся, асвяціў яшчэ на адзін міг газету і знік. Колас.