Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кні́га, ‑і, ДМ кнізе, ж.

1. Друкаванае выданне (даўней — рукапіснае) у форме збрашураваных і пераплеценых разам аркушаў з тэкстам і ілюстрацыямі. Пераплёт кнігі. Выдаць кнігу масавым тыражом. Кніга — крыніца ведаў, важнейшы сродак асветы і прагрэсу. / у знач. зб. Кнігу — масам! // Твор больш-менш значнага памеру, надрукаваны або падрыхтаваны да друку асобным выданнем. Напісаць кнігу. Навукова-папулярная кніга. Змест кнігі.

2. Сшытыя, пераплеценыя лісты паперы для якіх‑н. запісаў. Кніга скаргаў і прапаноў. Бухгалтарская кніга. Кніга водгукаў. Кніга ўліку.

3. Адна з некалькіх вялікіх частак навуковага ці літаратурнага твора. Першая кніга дылогіі. Раман у трох кнігах.

4. перан.; чаго. Пра тое, з чаго можна атрымаць якія‑н. звесткі, у чым знайшло адбітак, адлюстраванне што‑н. Кніга жыцця. □ [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе такіх астаткаў ранейшай флоры і фауны. Гэта жывая кніга прыроды. Крапіва.

5. звычайна мн. (кні́гі, кніг). Тое, што і кніжка (у 3 знач.).

•••

Галоўная кніга — асноўная бухгалтарская кніга для сістэматычнага запісу ўсіх рахункаў і прыходна-расходных аперацый.

Дамавая кніга — кніга для рэгістрацыі жыльцоў дома.

Шнуравая кніга — уліковая кніга, прашытая шнурам.

кнігаабме́н, ‑у, м.

Узаемная перадача твораў друку з адной бібліятэкі ў другую на пастаяннае карыстанне.

кнігавыдаве́ц, ‑даўца, м.

1. Уст. Уласнік выдавецтва.

2. Той, хто займаецца выданнем кніг.

кнігавыдаве́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кнігавыдаўца, кнігавыдавецтва. Кнігавыдавецкая дзейнасць.

кнігавыдаве́цтва, ‑а, н.

Выданне, друкаванне кніг; выдавецкая справа. Развіццё кнігавыдавецтва на Беларусі.

кнігавядзе́нне, ‑я, н.

Вядзенне запісаў у бухгалтарскіх кнігах.

кнігага́ндаль, ‑длю, м.

Гандаль кнігамі.

кнігагандлёвы, ‑ая, ‑ае.

Звязаць з гандлем кнігамі. Кнігагандлёвыя арганізацыі.

кнігадрукава́нне, ‑я, н.

Спосаб размнажэння кніг, заснаваны на прыцісканні паперы да пакрытай фарбай друкарскай формы, што ўзнаўляе тэкст і ілюстрацыі.

кнігае́д, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Насякомае, якое заводзіцца ў старой паперы, кнігах.

2. Іран. Тое, што і кніжнік (у 1 знач.).