кнопка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Род цвічка з круглай шырокай плешкай, якім прымацоўваюць паперу, тканіну да чаго‑н. цвёрдага. На сцэну падняўся інжынер-архітэктар, раскруціў вялізны ліст паперы і прыкалоў яго кнопкамі. Чорны.

2. Рухомы пупок, які служыць для замыкання электрычнага ланцуга і прывядзення ў дзеянне розных механізмаў націсканнем на яго. Кнопка электрычнага званка. ▪ Недзе там далёка наверсе дзяжурны механік націснуў кнопку, і клетка нячутна паплыла ўгору. Кулакоўскі.

3. Род металічнай засцежкі, якая складаецца з дзвюх частак, што ўваходзяць адна ў другую. Кофта на кнопках. ▪ Начальнік адшпіліў кнопкі і выцягнуў карту з планшэта. Самуйлёнак. // перан. Разм. Пра маленькага вяртлявага чалавека. — Ды і хто яна такая, гэта кнопка, каб весці допыт? Ваданосаў.

•••

Націснуць на (усе) кнопкі гл. націснуць.

[Ад гал. knoop — гузік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)