Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

біта́, ы́, ДМ біце́, ж.

Разм. У некаторых гульнях — прадмет, якім б’юць. [Барыс].. пагуляў сам з сабою ў «класы», паспрабаваў гуляць у гарадкі, але біта была занадта цяжкай для яго. Нядзведскі.

бі́тва, ‑ы, ж.

Бой, барацьба паміж варожымі сіламі. Бітва пад Масквой. Бітва на рэйках. Поле бітвы. // за што. Змаганне, барацьба. Бітва за ўраджай. □ [Ладынін:] — Трэба зразумець, таварышы, добра сабе ўсвядоміць, што мы пачалі вялікую бітву за поўны дастатак. Шамякін. // Разм. Бойка, сутычка. Бабы смяюцца, жартуюць і гавораць аб учарашняй бітве Драздоў і Дзятлоў. Бядуля.

бі́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Тое, што і біта.

2. У картачнай гульні — карты, узятыя большай або казырнай картай.

біткі́, ‑оў; адз. біток, ‑тка, м.

Круглыя катлеты з адбіўнога або сечанага мяса. У сталоўцы .. [Пятро] выпіў шклянку чырвонага віна і закусіў халаднавата-цвёрдымі біткамі. М. Стральцоў.

бітко́м, прысл.

У выразе: бітком набіць (набіцца) гл. набіць.

бітл, ‑а, м.

Удзельнік папулярнага ў свой час у Англіі маладзейшага вакальна-інструментальнага ансамбля. // Пра маладога чалавека, які пераймае манеры бітла.

бі́тнік, ‑а, м.

Прадстаўнік пасляваеннага стыхійнага анархічна-бунтарскага руху моладзі (галоўным чынам у ЗША і Вялікабрытаніі), якая выказвае пратэст супраць буржуазнай маралі тым, што парушае нормы супольнага жыцця людзей.

бі́тніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да бітнікаў, уласцівы бітнікам.

біто́к,

гл. біткі.

біто́н, ‑а, м.

Бляшаная з накрыўкай пасудзіна для пераносу і захавання малака і іншых вадкасцей. Даяркі ў белых, як у медсясцёр, халатах насілі ў малочную бітоны. Шахавец. Стары.. пайшоў да каморы, дзе хавалася ўсялякае начынне, ботам бразнуўся ў бітон з газай... Мікуліч.

[Ад фр. bidon.]