Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бі́ла, ‑а, н.

1. Унутраная ўдарная частка звана; язык.

2. Падвешаны кавалак жалезнай палосы, рэйкі, удараючы па якой падаюць сігнал. Балаканне [хлопцаў] перапыніў звон, што разлягаўся па полі з панскага двара. — Дзядзька Мікола ў біла б’е. Час на абед, — ажывіўся Сяргей. Машара.

3. Верхняя скразная жардзіна ў возе, у поручнях лесвіцы, у мосце, верхняя планка ў поручнях ложка. Намыліць кашулю не было чым, і .. [Люба] доўга церла яе рукамі. Развесіла сушыць на біле ложка. Чорны. Самая меншая, Лідачка, падымаецца на дыбачкі, каб цераз біла калыскі ўбачыць Васілька. Пальчэўскі.

4. Назва ўдарных частак прылад і машын. Біла маслабойкі. Біла трапальнай машыны.

білабія́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і губна-губны.

[Лац. bis — двойчы і labialis — губны.]

біле́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Дакумент, які дае права праезду, уваходу, карыстання чым‑н., атрымання чаго‑н. (часцей за плату). Білет [у Лены] быў на руках, але да цягніка аставалася многа часу, і трэба было як мага разумней скарыстаць яго. Скрыган. [Базыль:] — Трэба пайсці ў праўленне, унесці адпаведную суму грошай і выпісаць [лесарубны] білет. Сіняўскі.

2. Дакумент, які сведчыць аб прыналежнасці каго‑н. да палітычнай або грамадскай арганізацыі. Партыйны білет. Прафсаюзны білет. Камсамольскі білет. // Дакумент, які сведчыць пра адносіны яго ўладальніка да якіх‑н. абавязкаў, навучальнай установы і пад. Ваенны білет. Студэнцкі білет. Адпускны білет.

3. Лісток з пытаннямі для тых, хто трымае экзамен. [Вера] і Валодзя разам увайшлі ў аўдыторыю, разам узялі білеты. Арабей.

•••

Банкаўскія білеты — крэдытныя знакі грошай, якія выпускаюцца эмісійнымі банкамі і замяшчаюць металічныя грошы ў якасці сродку абароту і плацяжу.

Белы білет — пасведчанне аб вызваленні ад ваеннай службы.

Воўчы білет (пашпарт) — у царскай Расіі: дакумент з адзнакай паліцыі пра палітычную ненадзейнасць яго ўласніка, які закрываў доступ у дзяржаўныя, навучальныя і інш. ўстановы.

Жоўты білет — пашпарт на жоўтым бланку, які ў дарэвалюцыйныя часы выдаваўся прастытуткам.

Зваротны білет — білет, які дае права на праезд у два канцы, туды і назад.

Казначэйскія білеты — а) у капіталістычных краінах — назва неразменных на каштоўныя металы папяровых грошай, якія выпускаюцца ў абарот фінансавымі органамі дзяржавы апрача эмісійных банкаў; б) у СССР — грашовыя знакі вартасцю ў 1, 3 і 5 рублёў, якія выпускаюцца для размену банкаўскіх білетаў (вартасцю ў 10, 25, 50 і 100 рублёў).

Крэдытны білет (уст.) — папяровы грашовы знак.

Латарэйны білет — картка, лісток, якія даюць права на ўдзел у латарэі.

[Фр. billet.]

біле́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да білета, прызначаны для продажу білетаў (у 1 знач.). На станцыі .. [Лабановіч] даведаўся дакладна, калі прыходзіць пасажырскі поезд на Мінск і калі адчыніцца білетная каса. Колас.

білецёр, ‑а, м.

Службовая асоба, якая кантралюе ўваходныя білеты ў кіно, тэатрах, музеях і інш. установах.

білецёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм. Жан. да білецёр.

білінгві́зм, ‑у, м.

Валоданне і папераменнае карыстанне адной і той жа асобай ці калектывам дзвюма рознымі мовамі або рознымі дыялектамі адной мовы; двухмоўе.

[Ад лац. bis — двойчы і lingua — мова.]

біло́н, ‑у, м.

Спец.

1. Непаўнацэнная разменная манета.

2. Нізкапробнае срэбра, якое ідзе на чаканку разменнай манеты.

[Фр. billon.]

біло́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да білону (у 2 знач.). Білонная манета.

біль, ‑я, м.

У ЗША, Вялікабрытаніі і некаторых іншых краінах, якія прынялі англасаксонскую прававую сістэму, — праект закона, унесенага ўрадам ці членамі парламента.

[Англ. bill ад лац. bulla — пячатка, дакумент з пячаткай.]