Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

біс, выкл.

Выгук, які выказвае просьбу паўтарыць толькі што выкананы артыстам нумар.

•••

На біс (выканаць, праспяваць і г. д.) — праспяваць, выканаць паўторна па жаданню публікі.

[Ад лац. bis — двойчы.]

бісектры́са, ‑ы, ж.

Прамая лінія, якая дзеліць вугал папалам.

[Фр. bissectrice ад лац. bis — двойчы і secare — рассякаць.]

бі́сер, ‑у, м., зб.

Дробныя каляровыя шкляныя або металічныя пацеркі, якія ўжываюцца для расшыўкі адзення з мэтай упрыгожання. Паставіўшы чамадан на крэсла і ўрачыста адчыніўшы яго, Міхал выняў вязаную шарсцяную кофтачку, вышытую бісерам. Карпаў.

•••

Сыпаць бісер перад свіннямі гл. сыпаць.

[Араб. busr.]

бі́серны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да бісеру; зроблены з бісеру, упрыгожаны бісерам. Бісерны какошнік.

2. перан. Вельмі дробны. Бісерны почырк.

бі́серына, ‑ы, ж.

Асобнае зерне бісеру.

бісі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што і без дап.

Паўтарыць (паўтараць) або выканаць (выконваць) звыш праграмы які‑н. твор па жаданню публікі. Бісіраваць песню.

біскві́т, ‑у, М ‑віце, м.

1. Пульхнае салодкае печыва з цеста, у якое пакладзена шмат жаўткоў і бялковай пены.

2. Фарфор, двойчы абпалены, але не пакрыты палівай. Са скрынкі, адразу за адкінутым вечкам, выраслі кавалер і дама з бісквіту. Караткевіч.

[Фр. biscuit.]

біскві́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бісквіту; зроблены з бісквіту. Бісквітнае пірожнае. Бісквітны фарфор.

бі́скуп, ‑а, м.

Вышэйшае духоўнае званне ў католікаў. // Асоба, якая носіць гэта званне. Культуру хамства і далара, Князёў і біскупаў палацы, Ад Скандынаваў да Сахары, Зруйнуеш, дыктатура працы. Купала.

[Ад грэч. epískopos.]

бі́скупскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да біскупа. Яшчэ ў X ст. тут [у Полацку], а таксама ў Тураве былі ўтвораны біскупскія кафедры. Ліс.