Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

былі́на 1, ‑ы, ж.

Народная эпічная песня пра герояў і іх подзвігі. Ганусанскія падзеі набывалі значэнне гераічнай быліны, дзе партызаны выступалі як волаты, а іх атаман рысаваўся як народны герой. Колас.

былі́на 2, ‑ы, ж.

Тое, што і былінка.

•••

Адна як быліна — пра адзінокую жанчыну.

былі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Адно каліва травы, сцяблінка, травінка. Запыніш крок. Спакой і ціш — Былінка нават не схіснецца. Колас. Зелянеюць лугі, выкідваецца клейкі ліст на бярозе.., былінкі прашываюцца праз леташні ліст. Лынькоў.

былі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да быліны ​1. // Уласцівы быліне. Былінны эпас. Былінны лад верша.

быллё, ‑я, н., зб.

Высакарослае сцяблістае пустазелле; бур’ян. На свежых пожнях глыбей у зямлю палезла карэнне былля. Гартны. Пасекі пачыналі зарастаць быллём і палыном. Чарот.

•••

Зарасці (парасці) быллём гл. зарасці.

былы́, ‑ая, ‑ое.

1. Мінулы, прошлы. У народных песнях і паданнях расказваецца аб цяжкім лёсе дзяўчыны ў былыя часы. Ярош. Можа, ты пра былое жыццё сваё, браце, раскажаш? Танк. // у знач. наз. было́е, ‑ога, н. Мінулыя часы, падзеі; усё, што было раней, прошлае. Малюнкі далёкага былога набліжаліся, ажывалі, стаялі перад вачамі. Мележ. Фотаздымак.. Сваёю Рукою на ім Напісала яна [Алеся]: «На ўспамін аб былым». Куляшоў. Ды прашу, што мінула, Прайшло, не вяртай — Для былога няма павароту. Тарас. // Які быў раней, ранейшы. Шэрыя дзедавы вочы яшчэ захавалі сваю былую зоркасць. Колас. То нікла дойна, то ўзлятала ў высь начную да нябёс, і нам яна апавядала пра лёс былы і новы лёс. А. Вольскі.

2. Які страціў ранейшае становішча або прызначэнне. На месцы былой пусткі вырас дом. □ Кулага Мацвей — былы вучань Міхаіла Дзям’янавіча. Даніленка.

быль, ‑і, ж.

1. Тое, што сапраўды было, адбывалася, у адрозненне ад выдумкі, небыліцы. [Нікодым:] — Тут, чалавеча, так перамешана быль з небыліцай, што цяжка адрозніць, дзе праўда, а дзе творчая фантазія расказчыкаў. Машара.

2. Расказ, апавяданне аб праўдзівым здарэнні. Круглы год шумяць над Юркавай магілай высокія клёны. З пакалення ў пакаленне будзе перадавацца быль пра яго кароткае, але яркае жыццё. Курто. І зноў палілася старая быль пра камень: — Гэта было даўно, яшчэ пры паншчыне. Пестрак. Быль як смала, а небыліца як вадзіца. Прыказка.

быльнёг, ‑нягу, м.

Тое, што і быльнік. На агароджы, на бадай што голых ужо вішнях, на прыдарожным быльнягу вісела павуцінне «бабінага лета». Шамякін. Там [на пустцы] нават трава людская не расце. Адзін сівец з быльнягом толькі раскашуюцца ўлетку. Якімовіч.

бы́льнік, ‑у, м.

Адзін з відаў палыну; чарнобыль. Куды ні гляну — шыр і воля, Дзе лес ды неба ставяць тын, Нідзе мяжы не згледзіш болей, І зніклі быльнік і палын. Колас. Вартаўнікі падышлі да мяжы і селі каля густога куста быльніку. Чорны.

бы́льнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да быльніку. Быльнікавы пах. Быльнікавы куст, венік.

быльняго́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да быльнягу. Не рэжуць карміцельку-зямлю быльняговыя межы — калгасныя палі шырокія, прывольныя. Хадкевіч.