Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

быт, ‑у, М быце, м.

Агульны ўклад і ўмовы штодзённага існавання, сукупнасць спосабаў і форм задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэб людзей. Быт народа. Новы, сацыялістычны быт. Быт калгаснікаў. Быт рабочых. Сямейны быт. Патрыярхальны быт. □ А Беларусь магутнай будаўніцай Куе свой лёс, будуе новы быт. Бядуля. // Штодзённае жыццё. На парадкі ў хаце, на ўвесь нудны аднастайны быт жыцця свайго Аўгіння мае адзін адказ: — Так трэба! Бядуля. І перш за ўсё ўвагу яго [Сценкі] спыняў іх вучнёўскі быт і асабліва адносіны паміж хлопцамі і дзяўчатамі. Колас. // Парадак. А ў кузні свой звычайны быт. Бялевіч.

•••

Быту не даваць гл. даваць.

бытава́нне, ‑я, н.

1. Жыццё, існаванне, быт. Тут будуюць сваё бытаванне.. Пралетары — зямлі ўладары! Колас. // Знаходжанне. [Кляновіч:] — Маё бытаванне ў вашага гаваруна старога Несцера не прапала дарэмна. Пестрак.

2. Распаўсюджанасць, пашыранасць дзе‑н. чаго‑н. Мне здаецца, што будзе вельмі добра, калі мы асмелімся прыняць у літаратурную практыку тыя словы, якія маюць шырокае бытаванне ў народнай мове. Скрыган.

бытава́ць, ‑туе; незак.

Існаваць, мець пашырэнне, месца, быць вядомым. Колас ўжываў шмат слоў і выразаў, якія з аднолькавым правам бытуюць у рускай і беларускай мовах, але ніколі не рабіў штучных калек. Юрэвіч. Ва ўсім цяпер раскрываўся перад .. [Марынаю] новы сэнс, быццам усё, што жыло і бытавала навокал яе, стала раптам такім, якім павінна было быць заўсёды. Чорны. // Прадаўжаць існаваць. У Кушлянах да гэтага часу бытуе нямала вусных расказаў пра Францішка Багушэвіча. «Маладосць».

бытаві́зм, ‑у, м.

Празмернае захапленне апісаннем быту, яго дэталей. Без глыбокай самастойнай думкі аб жыцці павышаная ўвага да быту можа павярнуцца прыземленым бытавізмам. Гіст. бел. сав. літ.

бытаві́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і бытапісальнік.

бытавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да быту. Бытавыя ўмовы, патрэбы. Бытавое абслугоўванне. // Прызначаны для штодзённага карыстання. Бытавая пасуда. Бытавы грым. // Звязаны з прадметамі шырокага ўжытку. Бытавыя словы. Бытавая лексіка.

2. Які апісвае, паказвае быт людзей якой‑н. сацыяльнай групы. Бытавы раман. Бытавы нарыс.

•••

Бытавая з’ява гл. з’ява.

Бытавое разлажэнне гл. разлажэнне.

бы́тапіс, ‑у, м.

Тое, што і бытапісанне.

бытапіса́льнік, ‑а, м.

Аўтар твораў, у якіх паказваецца быт; бытапісец. Міколу Нікановіча можна назваць бытапісальнікам свайго часу, усхваляваным апавядальнікам падзей, сведкам і ўдзельнікам якіх ён, быў сам. Скрыган.

бытапіса́льніцтва, ‑а, м.

Апісанне быту.

бытапіса́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да апісвання быту. Бытапісальны твор.