быстра...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову быстры, напрыклад: быстравокі.
быстраво́кі, ‑ая, ‑ае.
З жывымі, быстрымі вачамі. Собіч не любіў гэтага чалавека, вяртлявага, цыбатага, быстравокага з тоненькімі моднымі вусікамі. Скрыган.
быстракры́лы, ‑ая, ‑ае.
Які хутка лётае, з быстрымі крыламі. Быстракрылы птах.
быстра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Невялікая прэснаводная рыба сямейства карпавых. У Нёман праніклі такія рыбы, як галавень, жэрах, подуст, пячкур, марона, быстранка, рыбец, гарчак і інш. «Весці».
быстрано́гі, ‑ая, ‑ае.
Быстры ў хадзе і бегу. Быстраногі конь.
быстрахо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую хуткасць руху. Быстраходны камбайн. Быстраходнае судна. □ Гучна прагуў На заводзе гудок, Хлопец спыніў Быстраходны станок. Корбан.
бы́стры, ‑ая, ‑ае.
1. Які хутка перамяшчаецца ў прасторы пры палёце, руху, цячэнні і пад. Лодка ўвішна выкручвалася на быстрай плыні стрыжня. Брыль. // Рухавы, імклівы ў руху. Спуджаныя быстрыя тарпаны з вепрамі спяшаюцца ў гушчар. Вялюгін. Увесь стэп укрывалі дываны цудоўных цюльпанаў, і толькі капыты быстрых, як вецер, коней тапталі іх. Даніленка.
2. Які адбываецца за кароткі прамежак часу; кароткачасовы. Быстрыя агеньчыкі першых светлякоў мігцелі там і тут. Самуйлёнак. [Гагарын:] — На зоры лёг мой быстры цень, яны глядзелі ўслед з тугой. Вялюгін. // Жывы, праніклівы (пра вочы, позірк). Валасы ў .. [Галены] былі чорныя і густыя. Вочы вялікія і быстрыя. Чорны. Шабуня на адзін міг кінуў на камісара быстры адкрыты позірк. Мележ. // Кемлівы, спрытны.
быстрыня́, ‑і; мн. быстрыні, ‑рынь; ж.
1. Імклівая бурная з вірамі плынь у рацэ. [Толя] сеў на лавачку кармы, адапхнуўся ад берага на быстрыню і пачаў працаваць шастом. Брыль. Па быстрыні човен імчыць, як маторка, толькі паспявай кіраваць вяслом. Гамолка.
2. Вялікая хуткасць, імклівасць. І раптам, падкраўшыся зусім блізка, [воўк] маланкаю кідаецца на вепра і хватае яго зубамі за чэрава знізу і з такою ж быстрынёю адскоквае ад яго. Колас. Чуткі аб тым, што на праўленні будуць абмяркоўвацца паводзіны Змітрака Кастрыцы, абляцелі ўвесь калгас з выключнае, быстрынёй. Стаховіч.