Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

быва́ла,

1. Адз. пр. часу ж. і н. роду ад бываць.

2. Часціца, у знач. пабочн. Разм. Паказвае на значэнне дзеяння, якое нерэгулярна паўтаралася ў мінулым: іншы раз, раней, здаралася. А як ён [Піліп] іграў на гармоніку! Бывала, як утне са скрыпачом Тодарам полечку, дык ніхто не ўстоіць і не ўседзіць. Якімовіч. Бывала, ці трэба ці не, стары Тамаш заклапочана і мнагазначна падкручваў якую-небудзь трубку ў кантактах, правяраў злучэнне. Краўчанка.

быва́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць бывалага. Пры зручным выпадку.. [Макар] стараўся падкрэсліць гэта сваё ўмельства, бываласць. Грамовіч.

быва́лец, ‑льца, м.

Разм. Бывалы чалавек, чалавек, які многа ездзіў, многа бачыў. Як добры бацька з далёкай дарогі, вярнуўся ў хату — так здавалася — спакойна мудры бывалец Караленка... Брыль.

быва́лешні, ‑яя, ‑яе.

Разм. Які быў раней, былы, колішні. Дарога была цесная, вузкая. У бывалешнія гады па ёй вазілі з балота сена, і ўсю зіму тут скрозь на дрэўцах віселі зялёныя пасмы мурагу. Сачанка.

быва́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа дзе бываў і многа бачыў, спазнаў; з вялікім вопытам. Калі ў .. [Арлоўскага] запыталіся, дзе б ён хацеў ваяваць, бывалы партызан адказаў: — Там, дзе найбольшая небяспека для рэспублікі. Паслядовіч.

2. Які часта бываў у каго‑н., дзе‑н., наведваў каго‑н., што‑н.; часты, звычны. З васьмі чалавек разведчыкаў Лёня ўзяў з сабою аднаго Хоміча: ён і мясцовы, і бывалы ў гэтай сям’і. Брыль.

быва́льшчына, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што было ў сапраўднасці; выпадкі з жыцця, мінулых часоў, быль. На прызбах збіраліся пасядзець старыя — успомніць .. сілу, маладосць, расказаць якую бывальшчыну ці добрую выдумку. Скрыган. Забаўляў .. [ля будана] усіх Лука Якубавіч, расказваючы розную бывальшчыну з далёкага мінулага, якой у яго быў невычарпальны запас. Хадкевіч.

быва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Прыходзіць да каго‑н., наведваць каго‑н., падтрымліваць сяброўскія адносіны з кім‑н. Любецкі кожны дзень бываў у генералавым доме. Карпюк. Праўда, у апошні час Пеця перастаў бываць у Валіка. Жычка. Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар. Чорны.

2. Знаходзіцца, прысутнічаць дзе‑н. З самага вечара Несцяровіч мала калі бываў дома. Чорны. Пятру не раз даводзілася бываць у горадзе, і вуліцы ён ведаў, і раёны знаў. Пальчэўскі. На тайных сходах часта.. [Янка] бываў. Бядуля.

3. Здарацца, трапляцца. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. Аднаго бацькі і адной маткі няроўныя бываюць дзіцяткі. Прыказка. // Мець месца, здарацца. На такіх аблавах [на ваўкоў] бывалі і чалавечыя ахвяры. Бядуля. Бывалі выпадкі, што прыходзілася падаваць гэтым самалётам адмоўныя сігналы, бо ніяк нельга было прыняць груз. Кулакоўскі. / у безас. ужыв. са злучн. «што» і без яго. Бывае так: і ў добрым севе Трапляе дзікая трава. Колас.

4. Звязка ў састаўным выказніку. Робячы нешта сур’ёзнае, падчас бывае прыемна і памарыць. Брыль. Дрэнна бывае матылю, калі трапляе ён на агонь. Лынькоў.

5. Форма развітання (звычайна ў 2 ас. адз. і мн. з азначальным словам і без яго). — Бывай жа, лецейка, бывай! Бывайце, родныя валокі! Колас.

•••

Бывай (бывайце) здаровы — тое, што і будзь здароў (гл. быць).

Бываць на людзях — быць сярод людзей, з людзьмі.

Не бываць таму — не адбыцца, не здарыцца, не быць чаму‑н.

Чаго не бывае — усё можа быць, рознае бывае.

Як ні ў чым не бывала — як быццам нічога яе здарылася, як ні ў чым не вінаваты.