Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самахо́дам, прысл.

Разм.

1. Пехатой. Ісці самаходам.

2. Сваім ходам (пра спосаб адпраўкі машын).

самахо́дзь, прысл.

Разм. Без кіравання, без прынукі (пра каня, вала). [Сымон:] — Пускай.. [каня] на самаходзь, лішне не турбуй у баразне. Кулакоўскі. // Самацёкам, без садзейнічання. Справа ідзе самаходзь.

самахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Разм. Браніраваная машына з артылерыйскім узбраеннем і са сваёй цягай. [Насця] чула .. голас [Андрэя]. Ён гучэў у песні праехаўшых на грузавіку салдат, у грукаце прайшоўшых самаходак. Шамякін.

самахо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які рухаецца сваёй цягай. Самаходны кран. □ Далёка разносіцца па абуджаных прасторах гул трактароў і самаходных камбайнаў. Пальчэўскі.

2. Які мае на ўзбраенні самаходныя гарматы. Самаходны полк.

самахо́ць, прысл.

Разм. Тое, што і самохаць. [Валодзя:] — Да вайны я вучыўся ў дзевятым класе і трошкі — самахоць — захапляўся скрыпкай. Навуменка.

самацве́т, ‑а, М ‑цвеце, м.

Каштоўны або штучны камень з чыстым тонам афарбоўкі ці бясколерны, празрысты, з яркім бляскам. Уральскія самацветы. □ У сваім нацыянальным адзенні, у беласнежнай чалме, упрыгожанай дарагімі самацветамі, .. [магараджа] вылучаўся сярод масы гасцей у аднолькавых вячэрніх касцюмах. Лынькоў. / у вобразным ужыв. На разлапістых кедрачах мільёнамі самацветаў гарэлі сняжынкі. Лукша. Па ўсім зборніку [А. Пысіна «Твае далоні»] рассыпаны самацветы, залатыя зярняты сапраўднай паэзіі. Бялевіч.

самацве́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае прыродную афарбоўку, празрыстасць і бляск (пра каштоўныя камяні). У гальштук была ўткнута шпілька з самацветным каменьчыкам. Машара. // Які па прыгажосці нагадвае самацвет. Самацветныя расінкі.

самацёк, ‑у, м.

1. Рух вадкасці або сыпкіх рэчываў сілай свайго цяжару.

2. перан. Ход якой‑н. справы, працы без плана, без кіраўніцтва; стыхійнае ажыццяўленне чаго‑н. Гэту работу неабходна праводзіць з вялікай актыўнасцю, мэтанакіраванасцю, не дапускаючы ніякага самацёку. Машэраў. Неабходна было ініцыятыву работнікаў завода накіраваць у патрэбнае рэчышча, знішчыць самацёк, унесці ў працоўны працэс пэўную сістэму і планавасць. Кудраўцаў.

самацёкам, прысл.

1. Сілай свайго цяжару (пра рух вадкасці і сыпкіх рэчываў). Вада па трубах ідзе самацёкам.

2. перан. Само сабой, стыхійна, неарганізавана. Хаця апошняя масавая сцэна характарызуе рыбакоў як палітычна свядомы калектыў, аднак было б наіўнасцю думаць, што далейшая дзейнасць гэтага калектыву можа ісці самацёкам. У. Калеснік.

самацёчны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да самацёку (у 1 знач.); які ажыццяўляецца па прынцыпу самацёку. Самацёчнае арашэнне. Самацёчны канал.