Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пераапрана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пераапрануць.

пераапра́нены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пераапрануць.

2. у знач. прым. Тое, што і пераапрануты (у 2 знач.).

пераапра́нуты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пераапрануць.

2. у знач. прым. Апрануты ў другую адзежу з мэтай маскіроўкі.

пераапрану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. у што і без дап. Зняўшы адну вопратку, надзець другую. Аўгіня пераапранулася ў сваю штодзённую рабочую вопратку. Колас. Пасля гэтага камбрыг падаўся ў свой будан, пераапрануцца з дарогі. Мележ.

2. кім або ў каго. Апрануцца так, каб замаскіраваць сябе. Міколкаў план патрабаваў, каб усе пераапрануліся немцамі. Лынькоў.

пераапрану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. што. Зняўшы адно, апрануць што‑н. іншае. Міхась паставіў машыну ў гараж, памыўся, пераапрануў касцюм і накіраваўся да будынка, у якім Зося займалася на вячэрніх курсах. Кавалёў. // каго. Апрануць у іншую вопратку. Яшчэ падумаў, што такой, мабыць, выглядала б і Дануся, каб пераапрануць яе ва ўсё вайсковае ды павесіць на яе аўтамат. Карпюк.

2. кім або ў каго. Апрануць каго‑н. з мэтай маскіроўкі. Пераапрануць у клоуна.

пераапыле́нне, ‑я, н.

Спец. Узаемнае апыленне раслін. Штучнае пераапыленне сартоў грэчкі.

пераапылкава́нне, ‑я, н.

Спец. Узаемнае апылкаванне ўсіх або многіх раслін. Міжгатунковае пераапылкаванне.

пераара́ны і пераво́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пераараць.

пераара́ць, ‑ару, ‑арэш, ‑арэ; ‑аром, ‑араце; зак., што і без дап.

1. Узараць нанава, яшчэ раз. — Ніхто не паедзе скародзіць таго поля, пераараць перш трэба, — толькі ўсяго і сказаў Якім, падтрымліваючы хлопцаў. Дуброўскі. Усякага чалавека пашкадуе зіма, нават неахайных трактарыстаў, якія дапусцілі агрэхі пры ворыве, нават няўпраўных брыгадзірам, якія не паспелі пераараць бульбу. Ермаловіч.

2. Прыараць у час ворыва частку чужога поля. Невядома праз што пасварыўся ён са сваім братам, які жыў па суседству; можа, той пераараў калі яго мяжу ці залез касой у Язэпаву траву. Шахавец.

3. Правесці баразну ўпоперак чаго‑н. Пераараць дарогу. □ А для гэтага трэба было да ўсходу сонца пераараць упоперак Нёман, яго дно, ды каб саху не конь і не валы цягнулі, а самі жанчыны. Колас.

4. і чаго. Узараць усё, многае. Колькі чаго перавазілі, колькі зямлі перааралі, перабаранавалі?.. Кулакоўскі.

пераарганізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пераарганізаваць.