Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цю́бік, ‑а, м.

Мяккая трубачка з металу, пластмасы для мазі. клею, пасты і пад., змесціва якой дастаецца выцісканнем. Цюбік клею. Цюбік крэму. Цюбік мазі. // Пра што‑н., упакаванае ў выглядзе трубачкі. [Гукан] пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамі хворага адчыніў шуфляду стала, дастаў цюбік з валідолам, укінуў таблетку ў рот. Шамякін.

[Ад фр. tube — трубачка.]

цю́бінг, ‑а, м.

Металічная ці жалезабетонная пліта ў выглядзе сегмента, якая з’яўляецца часткай воданепранікальнага цыліндрычнага мацавання шахт і тунеляў. З асобых чыгунных секцый-цюбінгаў мантажнікі пад зямлёй збіралі вялізныя металічныя кольцы. Чаркасаў. Ранішняя змена спускала ў ствол тахты цюбінгі. «ЛіМ».

[Англ. tubing.]

цю́бінгавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цюбінга. Цюбінгавае мацаванне.

цю́бінгшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца ўкладкай цюбінгаў.

цюга́, выкл.

Крык сабакам пры цкаванні звера ў значэнні: бяры!, лаві!, хапай!

цюга́канне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цюгакаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

цюга́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Нацкоўваючы сабак на звера, крычаць «цюга». Выбеглі людзі з хатак, У неба рукамі загрукалі: — Ды ён, ірад, д’яблу служыць, Ды ён — сын нячыстых сіл. Як на яго цюгакалі, Бы на ваўка. Сіпакоў.

цюк 1, ‑а, м.

Вялікі звязаны пакунак тавару; вялікая звязка чаго‑н. Адзін [вярблюд] стаіць наўючаны рознымі цюкамі. Жычка. Макоўчык сеў на цюк спрасаванага сена, накрытага папонай. Мележ.

[Гал. tujk.]

цюк 2, выкл.

1. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння стуку. Цюк... Цюк... — стукаў далёка ў лесе галодны з ночы дзяцел. Пташнікаў.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. цюкаць — цюкнуць і цюкацца — цюкнуцца. Цюк у шыбу і разбіў.

цюкава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цюкаваць.

цюкава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. да цюкаваць.

2. у знач. прым. Упакаваны, звязаны ў цюкі. Цюкаванае сена.