Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цаху́р,

гл. цахуры.

цаху́рка,

гл. цахуры.

цаху́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цахураў, які належыць, уласцівы ім. Цахурская мова.

цаху́ры, ‑аў; адз. цахур, ‑а, м.; цахурка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. цахуркі, ‑рак; ж.

Народ, які жыве ў гарах Паўднёвага Дагестана і Паўночнага Азербайджана.

ца́ца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, чым можна забавіць дзіця; цацка. — Ты глянь, Валерык: бачыш — цаца! А вось сувойчык палатна. Колас.

2. У мове дзяцей — што‑н. вельмі харошае, прыемнае.

3. Пра паслухмянае, выхаванае дзіця. [Настаўніца:] — Вы не злуйце на Ліпку, яна была ў нас. Сёння Ліпка — вялікая цаца! Брыль. // звычайна іран. Пра чалавека наогул. Клопату [Надзі] хапала. Работа, дзіця далося ў знакі, ды і ён, Пракопавіч, не цаца быў. Радкевіч.

4. Пра таго, хто важнічае, мае вялікія прэтэнзіі. Маці ўжо цяпер меціцца хоць на якога-небудзь прымака, бо замуж да сябе такую цацу наўрад ці хто возьме. Кулакоўскі. — Цаца не вялікая. Возьмеш посцілку, падушку і палезеш на гарышча. Там сена мяккае. Сіўцоў. Што яна [Каця] ў разведцы разумее? Што яна за цаца такая, каб я перад ёю падымаў рукі ўгору? Сяркоў.

•••

Добрая цаца — пра ненадзейнага, нядобрага, хітрага чалавека. — Ну, па ім [Андрэю Каржакевічу] то плакаць вельмі няма чаго. Гэты набудзе. Сам з чортавых зубоў можа вырваць, добрая цаца, — сказаў Рыгор Варанец. Крапіва.

Цаца-цаца, ды ў кішэнь — пра таго, хто не праміне ўзяць чужое, прысвоіць што‑н.

цаца́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

У выразе: абяцанка — цацанка, а дурню радасць — прыказка, сэнс якой у тым, што дурань радуецца абяцанню, якое можа не ажыццявіцца.

цаца́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Птушка атрада курыных. Даўно хацелася .. [Мітрафану], каб побач з індыкамі і звычайнымі курамі пахаджвалі па двары і цацаркі. Ракітны.

цаца́рчын, ‑чына.

Які мае адносіны да цацаркі, належыць ёй. Цацарчыны яйцы.

ца́цачнік, ‑а, м.

Разм. Майстар, які вырабляе цацкі.

ца́цачніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да цацачнік.