Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крыклі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць крыклівага. Крыклівасць голасу.

крыклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які многа крычыць, любіць крычаць, гучна гаварыць. Крыклівае дзіця. □ Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. Меў .. [Ніканор] пяток дзяцей і крыклівую бабу. Яна заўсёды крычала па яго, што ён гультай. Бядуля.

2. Гучны, моцны, прарэзлівы (пра голас, гукі). Крыклівы голас. // Які мае такі голас, з такім голасам. У густых верхавінах елак цэлымі днямі кружацца ля сваіх гнёздаў крыклівыя вароны, нібы сварацца між сабой. Якімовіч.

3. Які суправаджаецца крыкам; шумны, сварлівы. Крыклівая размова.

4. перан. Які прымушае звярнуць на сябе ўвагу сваёй яркасцю, стракатасцю. Крыклівая рэклама. □ Фінця Паўлаўна прытрымлівалася ранейшага рэжыму і заставалася прыгожай. Аднак увесь гэты нейлон, перлон цяпер на ёй быў крыклівы. Грамовіч. [Візэнера] не радавалі крыклівыя паведамленне аб паспяховым наступленні нямецкіх войск... Чаго варта гэтае наступленне. Шамякін.

кры́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да крычаць (у 1, 3 знач.).

кры́кса, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑е, Т ‑ай, ж.

Разм. Пра крыклівае і плаксівае дзіця. Праз колькі часу сын радзіўся ў іх, на дзіва ўдаўся нейкі крыкса-плакса. Дубоўка. // Пра крыклівага чалавека.

крыку́н, ‑а, м.

Разм.

1. Пра таго, хто многа крычыць, плача. Крыклівы чалавек. Крыклівае дзіця.

2. Пра пустога, мнагаслоўнага прамоўцу, а таксама пра ўсякага ахвотніка да спрэчак. — Добрым будзе бальшавіком, Таццяна Давыдаўна, — адказваў Віталеў. — Не крыкуном, а сапраўдным будаўніком камунізма. Асіпенка. [Кірыла:] Разумееш, народ наш навучыўся кіраваць, яму не патрэбны ні апекуны, ні паганятыя, ні тым больш крыкуны. Гурскі.

крыку́ха, ‑і, ДМ ‑кусе, ж.

Разм. Жан. да крыкун.

крыла́н, ‑а, м.

Млекакормячая жывёліна атрада рукакрылых, якая корміцца пладамі.

крыла́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Верхняя мужчынская адзежына ў выглядзе плашча з палярынай, якую насілі ў 19 і ў пачатку 20 стст. У дзверы ўлазіў маленечкі тоўсты чалавечак у чорнай — безумоўна, даваеннага пакрою — крылатцы. Мікуліч.

2. Плод некаторых раслін (клёна, ясеня і пад.) з тонкім крылом, якое дае плоду магчымасць ляцець у паветры.

крыла́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае крылы; з крыламі (у 1, 2 і 3 знач.). Хлопчыкі трымалі ў руках па адной крылатай страказе, лоўка заціснутай у саломінкі. Кавалёў. Кладзе пад ногі Джэзказгана Крылаты птах рухавы цень. Звонак.

2. перан. Акрылены, узнёслы. Сінявокая мая Радзіма-маці Славаю крылатаю грыміць. Хведаровіч. Куды ні кідала малую Іру крылатая дзіцячая фантазія! «Полымя».

•••

Крылатыя словы гл. слова.

кры́лле, ‑я, н., зб.

Крылы. Нудна махалі крыллем над кустом вароны. Чорны. У празрыстым небе трапятаў крыллем каршачок: мусіць, выбіраў на зямлі здабычу. Даніленка.