Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крана́льны, ‑ая, ‑ае.

Які кранае, расчульвае; хвалюючы. У чорных шырокіх вочках свяцілася вялікая пакута і нейкі своеасаблівы дзіцячы смутак, такі глыбока кранальны, што Таццяна не магла стрымліваць слёзы, гледзячы на яго. Шамякін.

кранаўшчы́к, ‑а, м.

Рабочы, які абслугоўвае кран ​2.

кранаўшчы́ца, ‑ы, ж.

Жан. да кранаўшчык.

крана́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Зрушвацца з месца, пачынаць рух. Паравоз рыўкамі пачаў кранацца з месца. Федасеенка. / Пра пачатак ледаходу на рацэ. Калі кранаецца лёд, пра раку гавораць як пра нешта жывое: «пайшоў», «пайшла», «ідзе». Грахоўскі. // Адпраўляцца ў дарогу, ісці або ехаць куды‑н. Нікому не хочацца па непагадзі зноў кранацца ў няблізкі свет. Лупсякоў.

2. каго-чаго. Датыкацца, дакранацца да каго‑, чаго‑н. Напільнік, здавалася, ледзь-ледзь кранаўся жалеза, але яно пачынала блішчаць, як люстэрка. Асіпенка.

3. чаго. Разм. Тое, што і кранаць (у 5 знач.).

4. перан. Разм. Спыняцца на кім‑, чым‑н., закранаць каго‑, што‑н. у прамове, гутарцы. Калі .. [Міканор] гаворыць, дык неяк яно само ў яго выходзіць, што ён гаворыць вершамі, асабліва калі кранаецца розных птушак, лугоў-мурагоў ды калінкі-малінкі... Бялевіч.

5. Зал. да кранаць (у 1–7 знач.).

крана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Датыкацца, дакранацца да каго‑, чаго‑н.; чапаць. Аляксандра кранала сына за плячо, будзіла. Пестрак. Да дрэў прыглядваўся Сымон, Кранаў рукой дубочкі. Бялевіч. // Працягваючыся да пэўнага месца, даставаць сабой каго‑, што‑н. Пышная шавялюра, акуратна зачэсаная на патыліцу, аж кранала плечукоў. Хведаровіч. Вось перад ім [Асілкам] сцяной высокай раскінуўся вячысты бор. Вяршынямі кранаў аблокі і засланяў наўсцяж прастор. Машара.

2. (звычайна з адмоўем). Браць у рукі што‑н., карыстацца чым‑н. Па інструкцыі, калі міна.. не ўзарвецца, кранаць яе нельга: замыканне можа наступіць зусім нечакана і партызана разнясе на кавалкі. Карпюк.

3. Парушаць чый‑н. спакой; дакучаць, турбаваць. [Порхаўка:] Год праляжу на баку, абы мяне не краналі. Гурскі. Ведаючы характар брыгадзіра, Зіна неяк не хацела кранаць Языковіча, ёй не хацелася абвастраць з ім адносіны. Кавалёў. // перан. Спыняцца на кім‑, чым‑н., закранаць каго‑, што‑н. у прамове, гутарцы. Аграном расказваў пра значэнне севазвароту. Гэту тэму не раз кранаў і Васіль. Шамякін.

4. перан. Хваляваць, расчульваць. Кранаюць сэрца родныя абрысы: Смаленск і Орша, Слаўнае, Барысаў, І я з акна крычу: «Дзень добры, Мінск!» Пушча.

5. Сваім уздзеяннем змяняць пачатковы выгляд або парушаць цэласць чаго‑н. Ля мёрзлага прычала Стаяць радком чаўны. Вайна і іх кранала: Прабітыя яны. Калачынскі. Хутка скончылася жыта і пачалося бугрыстае поле, якое даўно ўжо не кранаў плуг. Федасеенка. // чым. Злёгку пакрываць паверхню чаго‑н. Восень ледзь-ледзь кранае першай пазалотай лісце бяроз і асін. Шамякін. Кранае шэрань скроні на галаве юначай... Дубоўка. // перан. Пакідаць след, выклікаць змены ў чым‑н. У абліччы дзяўчыны і ў тоне, якім яна размаўляла, было нешта ад той слаўнай, крылатай маладосці, якую яшчэ ледзь-ледзь кранае сталасць. Хадкевіч. // перан. Парушаць, наносіць якую‑н. шкоду. — Што таварышу Кісялю да працадня! Для яго гэта пусты гук, які не кранае яго ўласнага дабрабыту. Паслядовіч.

6. Прыводзіць у рух; варушыць што‑н. Кранаць лейцы. □ Позні час. Вецер шастае глуха, Голле яблынь кранае ў садку. Ляпёшкін. // Узнікаючы, выклікаць лёгкі рух чаго‑н. Юзікавы губы ледзь кранае ўсмешка. Крапіва.

7. Цягнучы, папіхаючы, зрушваць з месца, прымушаць рухацца. Цягнік кранае вагоны.

8. без дап. Разм. Тое, што і кранацца (у 1 знач.). Фурманка кранае з месца.

•••

Кранаць за жывое — тое, што і браць (узяць) за жывое (гл. браць).

крангла́с, ‑у, м.

Шкло для аптычных прыбораў.

[Ням. Kronglas.]

крангла́савы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з крангласу. Крангласавая лінза.

кра́нец, ‑нца, м.

1. Прыстасаванне з дрэва, гумы і інш., якое замацоўваецца на борце судна для засцярогі яго ад удараў пры падыходзе к прыстані або другому судну.

2. толькі мн. (кра́нцы, ‑аў). Месца паблізу палубнай гарматы (шафа, скрынка або асобная рама) для захоўвання снарадаў.

[Ад гал. krans.]

краніялагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да краніялогіі. Краніялагічныя даследаванні.

краніяло́гія, ‑і, ж.

Аддзел анатоміі, які вывучае будову чэрапа чалавека і жывёлы.

[Ад грэч. kraníon — чэрап і logos — вучэнне.]