Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзярка́ты, ‑ая, ‑ае.

Рэзкі, надрыўны, з хрыпатой (пра гукі, голас і пад.). Панурыя, змораныя, мокрыя да пены каровы рыкалі на ўвесь лес. Доўга вісела дзяркатае, сухое рэха. Пташнікаў. Раз-пораз з недалёкай таварнай станцыі даносіліся дзяркатыя гудкі паравозаў. Скрыган.

дзярка́ч 1, дзеркача, м.

Стары венік без лісця; галень. Косцік і Тома так выскраблі дзеркачамі двор і вуліцу, што было хоць каціся. Васілевіч. [Якаў] стаяў каля парога і дзеркачом абмятаў з ботаў снег. Чарнышэвіч.

дзярка́ч 2, дзеркача, м.

Тое, што і драч. Было маўкліва вакол, толькі часам дзяркач на сенажаці, быццам пілкай, пераразаў паветра. Броўка. Здавалася, што ўсё жывое перамясцілася туды, на балота: там было шумна — крычалі дзеркачы, ржалі коні. Шамякін.

дзярні́на, ‑ы, ж.

Тое, што і дзёран. З цяжкасцю прарваў .. [Андрэй] дзярніну гэтай тупой прыладай і пачаў капаць. Пестрак.

дзярні́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Тое, што і гарыца.

дзярні́сты, ‑ая, ‑ае.

Густа прарослы карэннем травяністых раслін; задзірванелы. Дзярністая глеба.

дзярно́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзёрну, з’яўляецца дзёрнам. Незабыўныя мясціны: Лес, і лес, і лес. Як мядзведзь, на шчыт дзярновы Шэры мох узлез. Танк.

дзяру́га, ‑і, ДМ ‑рузе, ж.

1. Тоўстая грубая тканіна. Ткаць дзяругу. □ Ты вострым плугам рэзаў дзірваны, Насіў з дзяругі Шытыя штаны. Куляшоў.

2. Посцілка з такой тканіны. Вокны завешаны дзяругамі. Навуменка. [Жанчыны] улажылі Рыгораў куфэрак на воз і пакрылі яго дзяругаю. Гартны. // Пра ўсякую адзежыну з такой тканіны. — Чаму ты адзяеш гэту дзяругу? Адзявай з гальштукам. Гурскі.

дзяру́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Памянш. да дзяруга; тое, што і дзяруга (у 2 знач.). Ліда ляжала на пасцелі, уткнуўшыся тварам у падушку і прыкрыўшыся да пояса лёгкаю дзяружкаю. Колас. Вулічнае акно было ўжо завешана дзяружкай. Вітка.

дзяру́жны, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з дзяругі (у 1 знач.). Дзяружны мяшок. □ Прачыняюцца ў сенцах дзверы, і на двор выходзіць у зрэбнай сарочцы і дзяружных штанах барадаты чалавек. Мурашка.

дзя́сенны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзясны, дзяснаў.