Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цэ́нтнер, ‑а, м.

Адзінка вымярэння вагі, роўная 100 кг. — Наш калгас можа даць не менш як, сто пяцьдзесят цэнтнераў мяса і па восемсот малака на кожныя сто гектараў, — гаварыў дакладчык. Дуброўскі.

[Ням. Zentner.]

цэнтр, ‑а, м.

1. Спец. Пункт перасячэння якіх‑н. восей, ліній у фігуры, пункт з’асяроджання якіх‑н. адносін у целе. Цэнтр сіметрыі. Цэнтр акружнасці.

2. Сярэдзіна, сярэдняя частка чаго‑н. У самым цэнтры дубняку разгарнуліся ўшыр і ўвысь два волаты-дубы. Бядуля. Камандзірская зямлянка знаходзілася ў цэнтры лагера. Шамякін. // Частка, звычайна сярэдняя, горада, пасёлка і пад., дзе размешчаны асноўныя адміністрацыйныя ўстановы. Не даходзячы да цэнтра горада, Лабановіч ідзе глухім завулкам у бок прыстані. Колас. Цэнтра — некалі тут на ўзгорку стаяла царква — зусім не пазнаю: будынкі клуба, медпункта і калгаснай канцылярыі замыкаюць у сваім коле невялічкі скверык. Васілевіч.

3. Месца сканцэнтравання якой‑н. дзейнасці. Касмічны цэнтр. Цэнтр энергетыкі. Цэнтр міжнароднага рабочага руху. □ Масква, дзе знаходзіўся цэнтр абароны нашай Радзімы, .. перапраўляла нам цераз лінію фронту спецыяльна абучаныя групы і атрады для дыверсійнай і разведвальнай работы. «Звязда». // перан. Самае галоўнае, важнае, асноўнае. У цэнтры паэмы Максіма Танка стаяць адважныя савецкія патрыёты. Бугаёў. — Вось Янку Здольніка і трэба паставіць у цэнтры п’есы, — гаварыў Міровіч. Рамановіч. // Той (тое), вакол каго (чаго) групуецца, якому падпарадкоўваецца ўсё іншае. На гэтым сходзе .. [Міхась Чарот] цэнтр, гэта відаць і ў перапынках, калі яго тут жа акружае то адна, то другая група. Скрыган.

4. Горад, буйны населены пункт, які мае адміністрацыйнае, прамысловае, культурнае значэнне для якой‑н. мясцовасці, краіны. Раённы цэнтр. Абласны цэнтр.

5. Вышэйшы орган кіравання якой‑н. дзейнасцю. Загад цэнтра. Інструктар з цэнтра. □ Праменіцца сонца ў небе, Шуміць за сялом ураджай: Хоць рапарт кароткі аб хлебе У цэнтр, у ЦК, пасылай. Калачынскі. // У складзе назваў некаторых устаноў ці аддзяленняў, якія ведаюць чым‑н. На экранах тэлевізараў надпіс: «Гомельскі аматарскі тэлевізійны цэнтр». «Маладосць».

6. Спец. Група нервовых клетак, якая рэгулюе тую ці іншую функцыю арганізма.

7. У буржуазных парламентах — назва прамежкавых (паміж правымі і левымі) буржуазных партый, груп, груповак. Частка дэлегатаў, вядома, была неакрэсленай або хісталася па некаторых пытаннях, — так званы на парламенцкай мове «цэнтр», або «балота». Ленін.

8. Спец. Дэталь станка з конусным канцом, прызначаным для падтрымкі загатовак пры іх апрацоўцы.

•••

Гандлёвы цэнтр — будынак, у якім размяшчаюцца магазіны розных профіляў і розныя ўстановы бытавога абслугоўвання.

Тэлевізійны цэнтр — установа з тэхнічным абсталяваннем для тэлевізійнага вяшчання.

Цэнтр нападзення — асноўны ігрок групы нападзення ў футбольнай, хакейнай і пад. камандах.

Цэнтр цяжару — а) пункт цела, праз які праходзіць раўнадзейная сіла цяжару яго частак пры розных становішчах цела ў прасторы; б) самае асноўнае, галоўнае ў чым‑н.

(Быць) у цэнтры ўвагі — лічыцца галоўным, асноўным, выклікаць усеагульны інтарэс.

[Лац. centrum.]

цэнтрабе́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Накіраваны ў час руху ад цэнтра да перыферыі; проціл. цэнтраімклівы. Цэнтрабежная сіла. // Такі, дзеянне якога заснавана на руху ад цэнтра да перыферыі. Цэнтрабежны апарат. Цэнтрабежная помпа.

2. Які праводзіць узбуджэнне ад цэнтральнай нервовай сістэмы да розных органаў (пра нервы). Цэнтрабежныя нервовыя валокны.

цэнтрава́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Прызначаны для цэнтравання. Цэнтравальныя станкі.

цэнтрава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. цэнтраваць.

цэнтрава́цца, ‑руецца; незак.

Зал. да Цэнтраваць.

цэнтрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Спец. Утварыць (утвараць) канічную адтуліну для цэнтраў (у 8 знач.) перад апрацоўкай дэталей на станках.

цэ́нтравы, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца цэнтрам (у 1 знач.). Цэнтравы пункт. // Які знаходзіцца ў цэнтры, у сярэдзіне. Цэнтравая лінія. Цэнтравыя адтуліны. Цэнтравы ігрок. // у знач. наз. цэ́нтравы, ‑ага, м. Адзін з ігракоў нападзення ў гульнях (у футбол, хакей і пад.).

2. Забяспечаны якім‑н. цэнтральным прыстасаваннем. Цэнтравы свердзел.

цэнтраімклі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Накіраваны ў час руху ад перыферыі да цэнтра; проціл. цэнтрабежны. Цэнтраімклівая сіла.

2. Такі, які праводзіць узбуджэнне ад перыферыі да цэнтральнай нервовай сістэмы (пра нервы). Цэнтраімклівыя нервовыя валокны.

цэнтра́л, ‑а, м.

Уст. Цэнтральная катаржная турма ў дарэвалюцыйнай Расіі, прызначаная галоўным чынам для палітычных зняволеных. Аляксандраўскі цэнтрал.