Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

угаво́ршчык, ‑а, м.

Разм., часцей іран. Той, хто ўмее ўгаворваць. [Алена:] — Ліха на іх, думала, што адразу на аперацыйны стол пакладуць, а яны ўгаворваць узяліся. Угаворшчыкі!.. Марціновіч.

угаво́ршчыца, ‑ы, ж.

Жан. да угаворшчык.

угада́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад угадаць.

угада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Вызначыць, выявіць што‑н. па якіх‑н. нязначных прыкметах; здагадацца аб чым‑н. Тым часам падышоў і брыгадзір. Міхась нясмела зірнуў на яго, стараючыся ўгадаць яго настрой. Якімовіч. Свідраль непрыкметна сачыў за выразам твару Пазняка, жадаючы ўгадаць, з добрым ці благім намерам завітаў ён у позні час пры такім няважным надвор’і. Дуброўскі. Па пытаннях, якія гадаваў Кавалеўскі, па тым, чым цікавіўся, неўзабаве можна было ўгадаць і кірунак, у якім ішлі яго думкі. Карпаў. // Прадугледзець, прадбачыць што‑н. — Трэба дбаць не пра аднаго, а пра сотні чалавек, ды ўсё абдумаць, угадаць. Мележ.

2. каго-што. Раскрыць, распазнаць сэнс, сутнасць каго‑, чаго‑н. Вядомы акцёр і рэжысёр, Галубок прафесійным чуццём угадаў у Міхасю драматурга. Рамановіч.

3. каго-што. Разм. Пазнаць у чым‑н. знаёмы прадмет, у кім‑н. знаёмага чалавека. — Памыйся, — прапанавала .. [Паўлу] Маша, — а то і не ўгадаць цябе. Гроднеў. Павел Іванавіч зноў паказвае рукою, але адчувае, што здалёк Надзя можа і не ўгадаць гэтага дома. Кулакоўскі.

4. Выпадкова даць правільны адказ, мець рацыю, падставы; адгадаць. — Ты на яго ані не падобна, — сказаў Федзя. — Угадаў! — скупа ўсміхнулася Галя. — Гэты — айчым. Мой тата памёр у сорак сёмым, калі мне было паўгода. Ваданосаў. — Ты не з горада, часамі? — запытаў Анікей. [Рыгор:] — Угадаў, браце... Гартны.

5. Разм. Патрапіць добра зрабіць што‑н. [Дзед Рыгор:] — А ямку мы з табой выкапаць якраз угадалі. Бачыш, як прасторна ў ёй карэнням. Бяганская.

уга́двальнік, ‑а, м.

Разм. Той, хто ўгадвае; адгадчык.

уга́дванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. угадваць — угадаць.

уга́двацца, ‑аецца; незак.

1. Адчувацца, улоўлівацца па якіх‑н. прыкметах. На пустыры ледзь угадваліся ў цемры абрысы будучага стадыёна. Шыцік. Цені на твар клаліся мякка, рысы тонка акрэсліваліся, і, больш чым калі, угадвалася былая краса. Карпаў. Па шэрых заімшэлых рэштках сцен лёгка ўгадвалася, што гэта быў сапраўдны тыповы замак нейкіх .. нямецкіх баронаў. Ракітны.

2. Зал. да угадваць.

уга́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да угадаць.

угадзі́ць, угаджу, угодзіш, угодзіць; зак.

1. каму. Дагадзіць каму‑н., зрабіўшы што‑н. прыемнае, патрэбнае, жаданае. — Куды ты спяшаешся, сынок? — занепакоілася маці. — Можа, чым табе не ўгадзіла? Грахоўскі.

2. Разм. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Потым аціраўся [здраднік] у Чыжэвічах ля царквы, пры нейкім складзе быў, нарэшце ж, за крадзеж угадзіў у турму. Кулакоўскі.

3. Разм. Кідаючы або ўдараючы чым‑н., папасці ў каго‑, што‑н. — Цаляў у галаву, а ўгадзіў у плячо. І я, пэўна, крыкнуў ад болю. Ракітны. [Пан Булыга] хацеў заехаць Валодзіку па нагах кульбаю, але з гарачкі не пацэліў і ўгадзіў пані Авяліне. Бажко.

уга́дчык, ‑а, м.

Разм. Тое, што і угадвальнік.