увярста́цца, ‑аецца; зак.
Спец. Змясціцца ў радок або на старонку ў працэсе вярстання.
увярста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Спец.
1. Зрабіць устаўку ў вёрстку (у 2 знач.).
2. Змясціць у радок або на старонку пры вярстанні.
увярце́цца, увярчуся, уверцішся, уверціцца; зак.
Старанна ўхутацца, укруціцца ў што‑н. Лёг [Трахім] не на смех — коўдраю накрыўся .. Кажухом яшчэ ўвярцеўся паверсе. Калюга.
увярце́ць, увярчу, уверціш, уверціць; зак., каго-што.
Завярцець, ухутаць у што‑н., закрыўшы з усіх бакоў; угарнуць, укруціць. Увярцець рэчы ў паперу. Увярцець дзіця ў хустку. □ Малы не адрываючыся глядзіць па полымя. Яго сястрычка сіліцца ўвярцець босыя ногі, наступае імі на крыссе жакеткі. Лужанін.
увярэ́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад уверадзіць.
2. у знач. прым. Стомлены, змораны, натруджаны да болю. Увярэджаная спіна. // Пакалечаны. Увярэджаныя пальцы.
увярэ́днік, ‑у, м.
Адна- і шматгадовая травяністая паўпаразітная расліна сямейства залознікавых.
увясну́, прысл.
Разм. Тое, што і увесну. Гэта было ўвясну перад самай вайной. Чорны.
уга́, выкл.
Ужываецца пры выяўленні, паказе чаго‑н. значнага, цікавага або нечаканага ў значэнні: вось як, вось яно як, вось яно што. — Уга, во які госць у нас, гаворыць .. [Даніла] сваім вечна спакойным І роўным голасам І сунімаецца ў парозе, каб напіцца вады. Скрыган. І павага мне — уга! — Ад сыноў у хаце. Бялевіч. Другі б уга як нос задраў, а Васіль Кузьміч і віду не падаў, што нешта здарылася. Лобан. — Уга, брыгадзір сімфонію слухае! — засмяяўся Пецька. Мыслівец. // у знач. вык. Многа, даволі; колькі хочаш. Нядаўна прачытаў адзін «раман»... Вады — уга! Вады — даволі! А солі, неабходнай солі — І каліва няма. Валасевіч. Гэта ў іх тут, у пасёлку, нічога цікавага няма, ды і на станцыі таксама, а ў Маскве — уга! Васілёнак. // Ужываецца пры пярэчанні, адмаўленні чаго‑н. у значэнні: не, не так. — Цішэй! — пачуўся прарэзлівы голас. — Могуць немцы поезд спыніць і выкінуць усіх нас адсюль. — Уга! — запярэчыў другі. — Будуць яны з намі валаводзіцца, ім цяпер сваю б шкуру ўратаваць! Гурскі.
угава́рванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. угаварваць — угаварыць.
угава́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да угаварыцца (у 1 знач.).
2. Зал. да угаварваць.