угайда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Ад гайданкі прыйсці ў хваравіты або дрымотны, санлівы стан.
угало́п, прысл.
Самым хуткім алюрам, галопам. [Андрушка] ўсхапіўся на сядло, прышпорыў каня і аж угалоп пусціўся па вуліцы. Лобан.
угамава́нне, ‑я, н.
Абл. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угамаваць.
угамава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад угамаваць.
угамава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.
Абл.
1. Уціхамірыцца, супакоіцца. Пісар Васількевіч, як заўважыў Лабановіч, угамаваўся і паспакайнеў. Колас. Ціха ўсё наўкола. Угамавалася станцыя. Нават аматараў вечаровага шпацыру .. і то не відаць. Шынклер.
2. Утаймавацца, перастаць што‑н. рабіць. [Цётка:] На тым тыдні насілі ў Дараўку яйкі, масла і воўну... Яны ж [белапалякі] усё бяруць. Я не ведаю, калі яны ўгамуюцца... Баранавых.
угамава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., каго-што.
Абл.
1. Уціхамірыць, супакоіць. Дзе ты яго, Пацяроба, угамуеш, як раскрычыцца? Зарэцкі.
2. Утаймаваць. [Тэкля:] Буду ў цябе начаваць і дняваць, пакуль не ўгамуеш майго вар’ята! Губарэвіч.
угамані́цца, ‑манюся, ‑монішся, ‑моніцца; зак.
Разм. Супакоіцца, уціхнуць. Позна вечарам астрог угаманіўся. Колас. Уночы ля высокага зыркага цяпла паляўнічыя доўга не маглі ўгаманіцца. Кірэенка. — Яна ж на сем гадоў за яго старэйшая. Дзе былі яго [Міколы] вочы? — не магла ўгаманіцца Абрамчыха. Прокша. / Пра птушак, жывёл. На Рымаравай ліпе раптам прачнуліся буслы, заляскалі дзюбамі і доўга не маглі ўгаманіцца. Лобан. // Стаць больш спакойным, ураўнаважаным. Угаманіцца з гадамі. □ [Віхура:] І калі вы ўжо ўгамоніцеся? Гора мне з вамі. Гурскі. / Пра думкі, пачуцці і пад. А думкі, як растрывожаны рой, ніяк не хочуць угаманіцца... Брыль. // Слабеючы, спыніцца. Мяцеліца к вечару ўгаманілася, перастаў ісці снег. Сіняўскі. Уразіў Адама і паўдзённы спакой ракі, такі па-летняму роўны, нібы рака спынілася, заснула... Толькі ў лукавінах ніяк не ўгамоніцца. Вышынскі.
угамані́ць, ‑маню, ‑моніш, ‑моніць; зак., каго-што.
Разм. Супакоіць, суняць. Радасці не было канца, ледзь угаманілі людзей. Дуброўскі.
угамо́н, ‑у, м.
У выразах: угамону няма, угамону няма на каго — нельга стрымаць, спыніць каго‑, што‑н. Разбушавалася аднойчы Мора. Кіпела ўчора І заўчора, І зараз угамону ўсё няма. Корбан. [Палашка:] — Няма на яго ніякага ўгамону, ва ўсякую маю справу .. нос уткне... Лынькоў. Ах, чэрці раскосыя! — абурыўся ён, углядаючыся ў заячыя сляды. — Угамону на іх няма. Хадкевіч.