Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

угава́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да угаварыць.

угавары́цца, ‑вару́ся, ‑во́рышся, ‑во́рыцца; зак.

1. Загадзя дамовіцца, згаварыцца аб чым‑н. Аленка чакала Сцёпку, як яны і ўгаварыліся, на сцежцы каля Дзям’янавай клуні. Колас. // Прыйсці да згоды ў выніку перагавораў; дамовіцца. Гаварылі сваты ды і ўгаварыліся: сказалі... што цераз тыдзень зробяць заручыны. Калюга.

2. Разм. Сказаць лішняе; прагаварыцца. Пошта скеміў, што ён тут трохі ўгаварыўся, і стараўся паправіцца. Крапіва.

угавары́ць, ‑вару, ‑ворыш, ‑ворыць; зак., каго-што.

1. і з інф. або дадан. сказам. Пераканаць словамі, заставіць згадзіцца з кім‑, чым‑н. [Анісім:] Нічога не будзе, хлопчыкі, не ўгаворыце. Гурскі. Трэба было абавязкова ўбачыць Сцепаніду Андрэеўну, угаварыць яе не пакідаць школы. Шахавец. [Данута:] Я не магу ўявіць смерці, і мне лёгка сябе ўгаварыць, што нічога не зменіцца, хоць мяне і расстраляюць. Карпюк. // Падказаць каму‑н. якую‑н. думку, рашэнне. [Марыля:] Нічога яму [Сымону], дзедка, не ўгаворыш. Не такой падатлівай натуры ён у мяне ўдаўся. Купала.

2. Супакоіць, уцешыць. Старая жанчына .. усе гэтыя дні вельмі ўжо сумавала па сынах сваіх і па мужу. Марылька не магла яе ўгаварыць. Чорны.

угаво́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. угаворваць — угаварыць. — Адпачыў бы, сынку! Мы і без цябе ўправімся... — Але Кастусь не зважаў на матчыны ўгаворы: з ахвотаю завіхаўся на дрывотні. С. Александровіч. Мае ўгаворы ані не памагалі, а, наадварот, яшчэ болей разжальвалі. Сачанка.

2. Узаемная дамоўленасць аб чым‑н., умова. Па маўкліваму ўгавору і маці і сын да .. [скрыпкі] амаль не дакраналіся. Даніленка. [Віктар:] — Мы сюды ехалі спецыяльнасць пабыць, а нас на катлаван паставілі. Такога ўгавору не было. Асіпенка.

угаво́раны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад угаварыць.

угаво́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. угаворваць — угаварыць.

угаво́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да угаварыцца (у 1 знач.).

2. Зал. да угаворваць.

угаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да угаварыць.

угаво́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і угаворны (у 1 знач.).

угаво́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з угаворам (у 1 знач.). Угаворны тон.

2. Які з’яўляецца вынікам угавору (у 2 знач.). Угаворная цана.