уво́ддалі, прысл. і прыназ.
1. прысл. Няблізка, на адлегласці, воддаль. Чорнай сцяной высіцца ўводдалі хвойнік. Бядуля. З высокага пагорка лашчыў вока чароўны далягляд, аблямаваны ўводдалі сінім паскам лесу. Рамановіч. Вось .. замільгалі ўводдалі цьмяныя агеньчыкі горада. Сяргейчык. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. Баль быў грандыёзны. З усяго наваколля .. былі гасцямі паны і падпанкі. Быў і той княжыч. Але ён сядзеў, весяліўся ўводдалі ад княжны. Сабаленка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «уводдалі» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на размяшчэнне каго‑, чаго‑н. няблізка, па адлегласці, воддаль ад каго‑, чаго‑н. На ўскраіне ў гэты час, навокал машын, акрытых брызентамі, і ўводдалі іх, у дазорах, стаяць .. напагатове лётчыкі атрада. Самуйлёнак.
уво́дзіны, ‑аў; адз. няма.
1. Уступная, пачатковая частка чаго‑н.; уступ. Уводзіны да падручніка. □ Уводзіны ў артыкул крыху зацягнутыя. «ЛіМ».
2. у што. Раздзел навукі, у якім раскрываюцца асноўныя паняцці гэтай павукі. Уводзіны ў мовазнаўства.
3. Уст. Увядзенне парадзіхі з дзіцём у царкву і пачастунак у сувязі з гэтым. Пазвалі кума і куму на ўводзіны.
уво́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
1. Незак. да увесціся.
2. Уст. Ісці ў царкву з дзіцём на ўводзіны (у 3 знач.). Маладзіцы мелі розныя тэрміны: каму трэба было «уводзіцца» каля сёмухі, каму каля Пятра, каму на каляды, а хто яшчэ і зусім не вытрымаў свой тэрмін. Колас.
3. Зал. да уводзіць.
уво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.
Незак. да увесці.
уво́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць увядзеннем у што‑н.; уступны. Уводная частка ўрока. Уводная экспазіцыя выстаўкі.
2. Змешчаны ўнутры чаго‑н.; устаўны. Уводныя эпізоды ў рамане. Уводныя ролі ў п’есе.
3. Які служыць для ўводу (у 2 знач.). Уводная адтуліна.
•••
Уводны ліст — акт, які складаецца судовымі органамі пры ўводзе каго‑н. у карыстанне ўладаннем.
уво́з, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. увозіць — увезці.
2. Агульная колькасць або кошт тавараў, завезеных у краіну з-за мяжы; імпарт; проціл. вываз.
уво́зіцца, увозіцца; незак.
Зал. да увозіць.
уво́зіць, увожу, увозіш, увозіць.
Незак. да увезці.
уво́лю, прысл.
1. Колькі хочацца, удосталь. Нагнуўся Андрэй і напіўся ўволю крынічнай вады. Якімовіч. У цырку Вараны быў у жанглёра... Уволю еў аўса, не знаў на працы зморы. Корбан. Насмяяўшыся ўволю, студэнты .. павалілі ў актавую залу. Карпюк.
2. Многа, у поўным дастатку. Людзі шчыты пастаўлялі на полі, каб затрымаць вас [снягі], Мець вільгаці ўволю. Лужанін. // у знач. вык. Многа, даволі. У хаце дастатак завёўся: хлеба і грошай уволю. Васілевіч.
уво́сень, прысл.
У асенні час, восенню. Чаго толькі няма ў тым буданчыку! Тут і раскладныя лесвіцы, з дапамогай якіх увосень збіраюць яблыкі, і няскончаны рамачны вулей,.. і розны інструмент. Даніленка. Увосень слаўна чакаць першага снегу, а зімой — першай травы. Чорны.