уво́ддалі, прысл. і прыназ.

1. прысл. Няблізка, на адлегласці, воддаль. Чорнай сцяной высіцца ўводдалі хвойнік. Бядуля. З высокага пагорка лашчыў вока чароўны далягляд, аблямаваны ўводдалі сінім паскам лесу. Рамановіч. Вось .. замільгалі ўводдалі цьмяныя агеньчыкі горада. Сяргейчык. / З прыназ. «ад» утварае спалучэнне з Р. Баль быў грандыёзны. З усяго наваколля .. былі гасцямі паны і падпанкі. Быў і той княжыч. Але ён сядзеў, весяліўся ўводдалі ад княжны. Сабаленка.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «уводдалі» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на размяшчэнне каго‑, чаго‑н. няблізка, па адлегласці, воддаль ад каго‑, чаго‑н. На ўскраіне ў гэты час, навокал машын, акрытых брызентамі, і ўводдалі іх, у дазорах, стаяць .. напагатове лётчыкі атрада. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)