угада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Вызначыць, выявіць што‑н. па якіх‑н. нязначных прыкметах; здагадацца аб чым‑н. Тым часам падышоў і брыгадзір. Міхась нясмела зірнуў на яго, стараючыся ўгадаць яго настрой. Якімовіч. Свідраль непрыкметна сачыў за выразам твару Пазняка, жадаючы ўгадаць, з добрым ці благім намерам завітаў ён у позні час пры такім няважным надвор’і. Дуброўскі. Па пытаннях, якія гадаваў Кавалеўскі, па тым, чым цікавіўся, неўзабаве можна было ўгадаць і кірунак, у якім ішлі яго думкі. Карпаў. // Прадугледзець, прадбачыць што‑н. — Трэба дбаць не пра аднаго, а пра сотні чалавек, ды ўсё абдумаць, угадаць. Мележ.
2. каго-што. Раскрыць, распазнаць сэнс, сутнасць каго‑, чаго‑н. Вядомы акцёр і рэжысёр, Галубок прафесійным чуццём угадаў у Міхасю драматурга. Рамановіч.
3. каго-што. Разм. Пазнаць у чым‑н. знаёмы прадмет, у кім‑н. знаёмага чалавека. — Памыйся, — прапанавала .. [Паўлу] Маша, — а то і не ўгадаць цябе. Гроднеў. Павел Іванавіч зноў паказвае рукою, але адчувае, што здалёк Надзя можа і не ўгадаць гэтага дома. Кулакоўскі.
4. Выпадкова даць правільны адказ, мець рацыю, падставы; адгадаць. — Ты на яго ані не падобна, — сказаў Федзя. — Угадаў! — скупа ўсміхнулася Галя. — Гэты — айчым. Мой тата памёр у сорак сёмым, калі мне было паўгода. Ваданосаў. — Ты не з горада, часамі? — запытаў Анікей. [Рыгор:] — Угадаў, браце... Гартны.
5. Разм. Патрапіць добра зрабіць што‑н. [Дзед Рыгор:] — А ямку мы з табой выкапаць якраз угадалі. Бачыш, як прасторна ў ёй карэнням. Бяганская.