Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сярэднетэхні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сярэдніх тэхнічных даных, паказчыкаў, норм. Сярэднетэхнічная скорасць экспрэса.

2. Які мае адносіны да сярэдняй тэхнічнай адукацыі. Сярэднетэхнічная адукацыя.

сярэднеязы́чны, ‑ая, ‑ае.

У лінгвістыцы — які вымаўляецца пры ўдзеле сярэдняй часткі спінкі языка (пра гукі мовы).

сярэ́дні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца ў сярэдзіне, паміж двума пунктамі, прадметамі, дзвюма лініямі і пад.; аднолькава аддалены ад краёў, канцоў чаго‑н. Яны [Міхал і Антось] лагчынку праязджаюць, Гару сярэднюю мінаюць, Клады з паніклымі крыжамі. Колас. [Гарлахвацкі:] Апіралася гэтая жывёліна пры хадзе не на два пальцы, а на ўсе чатыры, з якіх два крайнія былі крыху меншыя за два сярэднія. Крапіва. // Другі (другая) па ўзросту з трох (дзяцей, братоў, сясцёр). Наташа была сярэдняй у сям’і калгаснага каваля Івана Янкевіча. Шамякін. [Бацька:] — Сыны мае родныя,.. прашу ўважыць адну маю просьбу: прыходзьце да мяне на магілу начаваць тры ночы. Першую ноч — старэйшы, другую — сярэдні, а трэцюю — малодшы. Якімовіч.

2. Прамежкавы па сваіх уласцівасцях, прыкметах паміж дзвюма крайнімі (процілеглымі) уласцівасцямі, прыкметамі (паміж вялікім і малым, цяжкім і лёгкім, высокім і нізкім і пад.). Баксёр сярэдняй вагі. Абутак на нізкім, сярэднім і высокім абцасе. □ [Юстын:] Ну, росту быў [аграном] такога вось, як і ты, сярэдняга. Краўчанка. У Буханцава, хоць узрост яго толькі набліжаецца да сярэдняга, за плячыма немалы вопыт афіцэра-пагранічніка. Хадкевіч. Усім жывым — дзядам і дзіцянятам, І хто ў сярэдні ўвабраўся век, Бабулям рупным, модніцам-дзяўчатам — Адзін заўсёды служыць чалавек. Лось. // Які аб’ядноўвае ў сабе прыкметы, уласцівасці двух розных прадметаў, дзвюх з’яў. Гаварыць тонам, сярэднім паміж просьбай і загадам. □ Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на «а», вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між «а» і «о». Караткевіч. // Які займае прамежкавае становішча паміж старшымі і малодшымі па званню, пасадзе і пад. Сярэдні медыцынскі персанал. // Які займае прамежкавае становішча паміж двума класамі, дзвюма грамадскімі групоўкамі і пад. Дробная і сярэдняя буржуазія. Сярэдняе сялянства.

3. Ні добры, ні дрэнны; пасрэдны. Сярэднія здольнасці. // Які нічым не вылучаецца; звычайны, радавы. Сярэдні вучань. □ [Клава:] — Скажу я табе [Язэп] шчыра, што і камандзір ён [Гаравы] быў сярэдні. А вось як камандаваў спачатку падрыўнікамі — сваю справу рабіў. Асіпенка. Іхняя брыгада [маляроў] у рамонтна-будаўнічай канторы лічылася сярэдняй: не было яшчэ выпадку, каб яна вырвалася наперад. Даніленка.

4. Не вышэй звычайнага ўзроўню, нормы. Сярэднія патрабаванні.

5. Атрыманы дзяленнем сумы некалькіх велічынь на іх колькасць; тыповы для дадзенай групы з’яў. Сярэдняя гадавая тэмпература. Сярэдняя заработная плата. Сярэдняя велічыня.

6. у знач. наз. сярэ́дняе, ‑яга, н. У матэматыцы — велічыня, якая атрымліваецца ад дзялення сумы некалькіх лікаў на іх колькасць. Сярэдняе арыфметычнае.

•••

Сярэдняе вуха гл. вуха.

Сярэдняя школа гл. школа.

Вышэй (ніжэй) сярэдняга — вышэй (ніжэй) якой‑н. нормы.

Сярэдняй рукі гл. рука.

У сярэднім — выходзячы з сярэдніх велічынь, паказчыкаў, норм; прыблізна. Жывуць зубры ў сярэднім да трыццаці — пяцідзесяці год. В. Вольскі.

сярэ́днік, ‑а, м.

У друкарскай справе — прабел паміж калонкамі тэксту ў газеце часопісе, кнізе.

сярэдня... (гл. сярэдне...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «сярэдне...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: сярэднярускі, сярэднясутачны.

сярэдняме́сячны, ‑ая, ‑ае.

Які прыпадае ў сярэднім на месяц; які з’яўляецца сярэдняй велічынёй, што прыпадае на месяц. Сярэднямесячны заработак.

сярэдняпо́зні, ‑яя, ‑яе.

Сярэдні па часу выспявання сярод позніх сартоў. Сярэдняпозні сорт бульбы.

сярэдняра́нні, ‑яя, ‑яе.

Сярэдні па часу выспявання сярод ранніх сартоў. Сярэдняраннія сарты пшаніцы.

сярэдняру́скі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сярэдзіны еўрапейскай часткі Расіі. Сярэдняруская прырода. Сярэднярускія гаворкі.

сярэдняспе́лы, ‑ая, ‑ае.

Сярэдні па тэрміну выспявання. Памідоры сярэдняспелага сорту.