сяро́д, прыназ. з Р.
1. У прамежку паміж краямі якой‑н. прасторы, пераважна ў роўнай адлегласці ад іх; пасярод. Стаяць сярод пакоя. □ Мікола чытаў, стоячы сярод хаты. Брыль. Палеткі калгаса «Рассвет» былі сярод лясоў. Кавалёў. // У прамежку паміж пачаткам і канцом якога‑н. адрэзка часу; на працягу чаго‑н. Сярод ночы.
2. У акружэнні каго‑, чаго‑н. (якіх‑н. аднародных прадметаў, з’яў, асоб); паміж кім‑, чым‑н. Карабель сярод ільдоў. Хата сярод лесу. □ Мне лес цяпер міл удвая, Бо родны лес мой краю служыць, Бо лес мой туліць смелых, дужых, Сярод якіх душой і я. Колас. Учора, як разыходзіліся ад пакгауза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш. Лынькоў. // У ліку, у саставе каго‑, чаго‑н. Сярод тых, хто варочаўся паражняком, былі і Арсень з Міхасём. Каваленка. Сярод трафеяў было некалькі афіцэрскіх мундзіраў. Грахоўскі. // У асяроддзі, у акружэнні каго‑н. [Алаізе] так многа далі простыя людзі, сярод якіх яна жыла. Яны навучылі яе любіць кожную травінку на роднай зямлі, захапляцца паэзіяй паданняў, легенд. Арабей.
•••
Сярод белага дня гл. дзень.
сяро́дак, ‑дку, м.
Абл. Асяродак (у 1, 2 знач.). Нарэшце [Ігнат] зрабіў сабе пару і задам, быццам той вяпрук, калі яго сілай заганяюць у хлеў, папоўз у сяродак стажка. М. Ткачоў.
сярпо́к, ‑пка, м.
Памянш.-ласк. да серп. [Сільчанка:] — Не ўсё ж лета, Ніна, мы будзем .. сядзець. Трэба будзе ўзяцца і за касу і за сярпок. Мележ. На дварэ сцямнела. Сярпок месяца заблішчаў на небе, весела заміргалі зоркі. Чарнышэвіч.
•••
Сярпкі Гіпакрата — крывалінейная фігура, абмежаваная дугамі дзвюх акружнасцей, апісаных на трох баках прамавугольнага трохвугольніка.
сярпу́ха, ‑і, ДМ ‑пусе, ж.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных.
сярпя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Лёгкая баваўняная тканіна рэдкага пляцення.
сярэ́бранік 1, ‑а, м.
Уст. Старажытныя дробная сярэбраная манета.
сярэ́бранік 2, ‑а, м.
Спецыяліст па серабрэнню рэчаў і чаканцы серабра. Прыгожым прыкладам мастацтва сярэбранікаў у XIV стагоддзі з’яўляецца аклад Лаўрышаўскага евангелля. «Беларусь».
сярэ́бранік 3, ‑у, м.
Абл. Дуброўка. Дуброўка, або, як яе завуць у другіх мясцінах, гарлянка, сярэбранік, гартанная трава. Тая самая дуброўка, з дробнымі жоўтымі красачкамі. А ў ёй, аказваецца, поўная аптэка. Дубоўка.
сярэ́браны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да серабра (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай серабра. Сярэбраны промысел. Сярэбраных спраў майстар. // Які мае ў сабе серабро. Сярэбраная руда.
2. Зроблены з серабра, пакрыты серабром. Маці Анатоля неўзабаве прынесла з кухні і паставіла пасярод стала на сярэбраным падносе смажаную качку. Ваданосаў. Хлор выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіннік. Гартны. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, .. то павесялеў бы чалавек ад такога ўжывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі. // Вытканы з сярэбраных нітак, вышыты серабром. Мураўскі ўзняў галаву і ўбачыў, што перад ім сядзіць сам пан Здраеўскі. Толькі не ў цывільнай вопратцы, у якой ён запомніў яго, а ў генеральскім мундзіры з сярэбранымі пагонамі на плячах. Машара.
3. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Сярэбраным ланцужком рачулка злучала два аз[я]рцы. Бядуля. // З бліскучым белым адлівам. У глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Танк. Там на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.
4. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (голас, смех і пад.). Дзяўчына вясёлая, многа і часта пяе прыгожыя .. песні, а голас яе — звонкі, сярэбраны. Каваль. Недзе за хвастамі самалётаў няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня. Алешка.
•••
Сярэбраны блішчак гл. блішчак.
Сярэбранае вяселле гл. вяселле.
сярэбраплаві́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да выплаўкі серабра з руд. Сярэбраплавільная печ.
сярэ́дзіна, ‑ы, ж.
1. Месца, прыблізна аднолькава аддаленае ад краёў, канцоў чаго‑н.; цэнтр. Кашлянуў бацька за печкай і ўрэшце ўстаў і выйшаў на сярэдзіну хаты. Пестрак. Крочыць Чарнавус сярэдзінаю вуліцы і ўсё-такі натыкаецца на плот. Кулакоўскі. Сеў [брат] у стары човен ды паплыў на сярэдзіну возера. Якімовіч. — Вочы б мае на іх не глядзелі! — сказала Антаніна Арцёмаўна і бразнула талерку на сярэдзіну стала. Васілёнак. // Сярэдняя частка чаго‑н. Уперадзе гарэў мост. Сярэдзіна яго завалілася. Лынькоў. Сярэдзіна лесу была ўзгоркавая. Маўр. // Унутраная частка чаго‑н.; тое, што знаходзіцца дзе‑н. унутры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны. Новікаў. Петушонак, сагнуўшыся, прысеў над падрапаным партфелем, хуценька адшпіліў яго і палез у сярэдзіну. Пташнікаў. Сярэдзіна ў дрэва амаль выгніла, а яно ўсё стаіць. Паўлаў.
2. Час, прыблізна аднолькава аддалены ад пачатку і канца чаго‑н. [Саракушы] паляцелі на зімоўку ў Афрыку, адкуль вернуцца ў сярэдзіне мая. В. Вольскі. Бралася недзе пад сярэдзіну дня, але палуднаваць, мусіць, было ранавата. Каваленка. // Прамежкавы момант у развіцці, ходзе чаго‑н. Сярэдзіна размовы. □ Гутарка ў іх, у цырульніка і кліента, ідзе даўно, я бяру яе тут з сярэдзіны. Брыль.
3. Прамежкавая пазіцыя ў чым‑н. Прызнацца, Бывае, што салідны кіраўнік Ад крайнасці да крайнасці прывык Хістацца, — Сярэдзіны няма ў ягонай працы. Корбан.
4. Разм. Паясніца. Віктар падышоў да .. [Домны], абняў за сярэдзіну і пасадзіў сабе на калені. Лобан. Не дачакаўшыся адказу, Лях хапіў Ільку.., прыціснуў падбародак к плячу, як кляшчамі абхапіў сярэдзіну. Каваль. // (звычайна з прыназоўнікам «у»). Вантробы, нутро. [Жарнавік] так рэзнуўся аб прыдарожны камень, што аж у сярэдзіне ў яго нешта трэснула. Якімовіч. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.
•••
Залатая сярэдзіна — пра спосаб дзеянняў, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкі.
сярэ́дне, прысл.
Разм.
1. Ні добра, ні дрэнна; пасрэдна. Вучыцца сярэдне. Жыве ён сярэдне.
2. Не вышэй сярэдняга ўзроўню, нормы. [Тамара] невысокая, сярэдне для сваіх год распаўнелая, пышнагрудая — па-свойму прыгожая. Шамякін.