Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сяржа́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сяржанта, належыць яму. Сяржанцкае званне. □ І па руках пайшоў ягоны З бліскучай крышкай партабак. І тут сяржанцкія паганы Усе разглядзелі... Гаўрусёў. Віктар Бурачок, які за год вайны здабыў сяржанцкія лычкі, ідзе побач з памкамузводам Смірновым. Навуменка.

сярмя́га, ‑і, ДМ ‑мязе, ж.

Верхняе адзенне з даматканага сукна. На нарах стаяў чалавек у доўгай палескай сярмязе цёмна-карычневага колеру. Пестрак. Земскі, ціха гушкаючыся на крэсле, аглядаў сагнутую постаць Максіма ў мокрай сярмязе, гразкіх лапцях. Каваль.

сярмя́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Разм. Тое, што і сярмяга. У казцы пра Несцерку, палескага мужыка ў несамавітай сярмяжцы і лазовых лапцях, але з прыроднай хітрынкай у вачах, .. [народ] славіў розум і дасціпнасць. «Полымя».

сярмя́жнік, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — вясковы бядняк. У акруговым судзе, які размяшчаўся ў палацы Тышкевіча на Трокскай вуліцы, прысяжны павераны выступаў абаронцам простых сярмяжнікаў і гарадской беднаты. С. Александровіч.

сярмя́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сярмягі. Сярмяжнае сукно.

2. перан. Бядняцкі, сялянскі. Гэта быў пераважна сярмяжны люд з навакольных вёсак ды з глухіх гарадскіх закуткаў, рамеснікі і людзі невядомых прафесій. Колас. // Цёмны, неадукаваны.

сярмя́жына, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і сярмяга. Яўхімка доўга не выходзіў з нашай хаты. Я ўжо азыз на холадзе, чакаючы яго. Нарэшце паказалася захутаная ў сярмяжыну маленькая постаць. Сабаленка.

сярніста...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «сярністы», напрыклад: сярністакіслы.

сярні́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сярністага.

сярні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае ў сабе серу; з серай. Сярністыя фарбавальнікі.

2. Які мае ў сваім хімічным саставе серу з пэўнай колькасцю кіслароду. Сярністы газ. Сярністы ангідрыд. Сярністае жалеза.

сярні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Абл. Запалка. Хацеў [Сцяпан] закурыць — не знайшоў сярнічак. Пташнікаў. Уласнай крамы, праўда, .. [бацька Бядулі] не меў, але ездзіў па вёсках і прадаваў сярнічкі і іголкі. Хведаровіч.