Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасялко́вец, ‑коўца, м.

Разм. Жыхар пасёлка. Кожнага з чатырох трактарыстаў, што ішлі сёння на абарону Радзімы, праводзіла сям’я, радня, а ўсіх іх праводзілі пасялкоўцы. Пальчэўскі. Паўнакроўным жыццём жывуць пасялкоўцы. «Звязда».

пасялко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пасёлка. Пасялковая вуліца. Пасялковая бальніца.

пасяля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да пасяліцца.

2. Зал. да пасяляць.

пасяля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да пасяліць.

пасяме́йны, ‑ая, ‑ае.

Які даецца па сем’ях; які складаецца на кожную сям’ю. Пасямейны надзел. Пасямейныя спісы.

пасяро́д, прыназ. і прысл.

1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярод» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца, прасторы ці якой‑н. групы, у сярэдзіне або ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Правей — гэта на самае роўнае месца, якраз пасярод яго трэба ісці. А там і травіца нават не расце. Пташнікаў. Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі. Шамякін. Надзя не ведала, куды прыткнуцца, і стаяла пасярод бытоўкі. Грахоўскі. Пахаджае [гаспадар] ганарыста Пасярод свайго двара. Броўка. Кастусь стаяў пасярод іх [людзей]. Чорны.

2. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, у акружэнні каго‑, чаго‑н. На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца жудка, як астрог, На свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. Адчынены вокны, і відаць, што ў хаце-чытальні поўна народу. Ускудлачаныя галовы мужчын у першых радах. Стракатыя хусткі жанчын пасярод. А ззаду, каля дзвярэй, — моладзь, хлопцы і дзяўчаты. Шамякін.

пасяро́дку, прыназ. і прысл.

Тое, што і пасярод. Спыніўся юнак пасяродку .. паляны. Куляшоў. Тут стаяла дарагая мэбля — сервант, тахта, яшчэ сервант, бліскучы паліраваны стол з крыштальнаю попельніцаю пасяродку. Арабей.

пасярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пасерабрыць.

2. у знач. прым. Пакрыты тонкім слоем серабра. Моўчкі [Віцінг] прайшоў у куток да шафы, адчыніў дзверцы, дастаў чорную пляшку і дзве пасярэбраныя чаркі. Асіпенка.

3. перан.; у знач. прым. Серабрысты, сівы. Твар худы, а густая кароткая пасярэбраная барада і глыбока схаваныя вочы робяць [бацьку] яшчэ худзейшым. Галавач. Галава [гаспадара] з шырокім ілбом акаймавана з бакоў і ззаду кучаравымі пасярэбранымі валасамі. В. Вольскі. Увайшоў Готфрыд Габер, з пасярэбранымі скронямі, прыгожы, з пранізлівымі вачыма. Гурскі.

пасярэ́дзіне, прысл. і прыназ.

1. прысл. У сярэдзіне, у цэнтры, на аднолькавай адлегласці ад аднаго і другога краю. Школьная святліца здалася Міхасю такою веліччу, такім хараством, што ён стаў пасярэдзіне і не смеў ступіць далей. Колас. Па шырокім асфальце ішла прыгожая, хораша адзетая пара. Упоравень адно з адным, а пасярэдзіне сын. Кулакоўскі. У хаце пуста і няўтульна. Пасярэдзіне чорная печка. Асіпенка. З краёў балота зарасло альшэўнікам і лазой, а пасярэдзіне было амаль голым, толькі дзе-нідзе купкамі выбіваўся малады альхоўнік. Дуброўскі.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «пасярэдзіне» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца пры назве месца або прасторы, у сярэдзіне ці ў цэнтры якіх што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Пасярэдзіне мястэчка, збоку рыначнай плошчы, узвышаецца белы касцёл. Брыль. Пасярэдзіне школы стаяў стол для настаўніка. Колас. Вышэй маста берагі рэчкі крутыя і высокія. Праўда, падымаюцца яны не ад самай вады, а воддаль, утвараючы пойму, пасярэдзіне якой у жоўтым напоеным пяску і цячэ гэтая невялічкая рэчка. Шамякін.

пасяўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да пасеву. Пасяўная кампанія. Пасяўныя работы. // Які служыць для пасеву, прызначаны для пасеву. Пасяўны фонд. Пасяўная тэхніка. Пасяўныя плошчы.

2. у знач. наз. пасяўна́я, ‑ой, ж. Кампанія па. сяўбе сельскагаспадарчых культур. Да свят бярозаўцы справіліся з пасяўной, з копкай бульбы. Васілевіч. Вясеннім днём на пасяўной Брыгада працавала. Танк.