Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сутыкну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Рухаючыся насустрач, наткнуцца адзін на аднаго, ударыцца адно аб адно. Яшчэ хвіліна — і лодкі сутыкнуцца... Гамолка. На вадзе было многа купальшчыкаў і купальшчыц, і Ксеня кожны раз падказвала Глебу, як абмінуць іх, каб не сутыкнуцца. Васілёнак. Паравозы зрабілі рывок — нібы магутны асілак кракнуў, буферы вагонаў сутыкнуліся. Кавалёў. // перан. Уступіць у канфліктныя адносіны. Тут [на судзе] сутыкнуліся дзве праўды: мужыцкая і панская, і яны выключалі адна адну. Машара. Узвышаны, па сутнасці сваёй рамантычны, ідэал сутыкнуўся з явай непрыгляднай, змрочнай. Навуменка.

2. з кім. Нечакана сустрэцца, сысціся на дарозе. Сярод халаднаватага, ветранага дня, ідучы з бярэзніку.., [Васіль] сутыкнуўся з Ганніным бацькам. Мележ. А потым я сустрэў .. [Ірыну] ў магазіне. Сутыкнуўся прама ў дзвярах. Гаўрылкін. // Уступіць у якія‑н. адносіны, сустрэўшыся, апынуўшыся разам. Сутыкнуцца па рабоце. // перан.; з чым. Спазнаць, зведаць што‑н.; пазнаёміцца з чым‑н. Сутыкнуцца з цяжкасцямі. □ Калі прыйшлося самому брацца за справу,.. [Паходня] сутыкнуўся з перашкодамі, што палохалі і бянтэжылі. Хадкевіч. З творчасцю Маякоўскага Танк сутыкнуўся яшчэ ў 1930 годзе ў перакладах на польскую мову. У. Калеснік.

3. Уступіць у сутычку, сысціся ў баі. Яшчэ раніцай тут ішоў бой. Сутыкнуліся дзве сілы. Гурскі. І на другі дзень Пецю не давялося сутыкнуцца з ворагам. Сіняўскі.

4. Зак. да сутыкацца (у 2–4 знач.).

сутыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Пхаючы насустрач, ушчыльную наблізіць адно да аднаго. Шпакевіч укленчыў побач, узяў рукамі абодвух за плечы, нібыта хацеў сутыкнуць. Чыгрынаў. // перан. Паставіць у непрымірымыя адносіны, выклікаць канфлікт, сутыкненне паміж кім‑, чым‑н. Сутыкнуць інтарэсы. □ Аўтар не здолеў так сутыкнуць герояў, паставіць іх у такія абставіны, каб выявілася іх непрымірымасць. Рагойша.

2. з кім. Прывесці да нечаканай сустрэчы, знаёмства з кім‑н. У хуткім часе Рая атрымала прызначэнне, і тут лёс сутыкнуў яе з Арсенем Бірынічам. Хадкевіч. // перан.; з чым. Прывесці да сутыкнення з чым‑н., даць магчымасць пазнаць што‑н., пазнаёміцца з чым‑н. Сутыкнуць з цяжкасцямі. □ Аўтар, замацоўваючы пазіцыі сацыялістычнага рэалізму, імкнецца сутыкнуць прывідныя і безгрунтоўныя мары інтэлігента з суровай праўдай жыцця. Кучар.

суты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Кароткі бой, узброенае сутыкненне. Пасля гарачых баявых сутычак з варожымі бандамі .. адбылося незабыўнае спатканне партызан з франтавікамі. Брыль. У сутычцы з казакамі .. [Багушэвіч] быў паранены ў нагу. С. Александровіч. // Пра палітычныя канфлікты, класавыя баі. Беларуская нацыяналістычная буржуазія ў самы разгар рэвалюцыі, у момант вострых класавых сутычак выкарыстоўвала беспартыйнасць у якасці сваёй ідэалагічнай зброі. Івашын. Барацьба выступае ў рамане не як сутычка двух строга размежаваных варожых лагераў, а як складаны, супярэчлівы працэс грамадскага развіцця. Хромчанка. // Бойка, сутыкненне. Сутычка была немінучая, тым болей, што насарогі заўсёды ахвотнікі пабіцца. Маўр. Усе хлапчукі ў навакольных вёсках былі ўпэўнены, што пры сутычках з чужымі .. [Павел] бярэ ў рукі дручок і разбівае ўсім галовы. Кулакоўскі.

2. Спрэчка, сварка, лаянка. [Таня] аналізавала свае адносіны да гэтага чалавека і прыпамінала, як яны складаліся і як прывялі да ўчарашняй сутычкі. Машара. [Мікульскі і Шаблюк] пасля ранішняй сутычкі адчувалі сябе ніякавата. Марціновіч.

3. перан. Сутыкненне чаго‑н. супярэчнага, несумяшчальнага, а таксама сама супярэчнасць. Сутычка інтарэсаў. Сутычка розных тэндэнцый. □ Куды падзелася яно — немаўля, з’яўленне якога на свет адзначана гэткім выбухам страсцей, сутычкай жорсткасці і гуманізму, высакароднасці і нізкасці? Мехаў.

4. Тое, што і сутыкненне (у 1 знач.). Мы мімаволі ўцялі галовы ў плечы, кожную секунду чакаючы або сутычкі, або якога акрабатычнага піруэта. Лынькоў.

сутэнёр, ‑а, м.

Чалавек з дэкласаванага асяроддзя, які жыве на сродкі сваёй палюбоўніцы-прастытуткі.

[Фр. souteneur.]

су́фікс, ‑а, м.

Частка слова, якая стаіць паміж коранем і канчаткам і надае слову асобны сэнс у параўнанні з іншымі аднакарэннымі словамі.

[Ад лац. suffixus — прымацаваны.]

суфікса́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да суфікса, з’яўляецца суфіксам. Суфіксальны спосаб словаўтварэння. Суфіксальная частка слова.

суфікса́цыя, ‑і, ж.

Утварэнне слоў або форм слоў з дапамогай суфіксаў; наяўнасць у слова або ў пэўнай катэгорыі слоў тых ці іншых суфіксаў.

суфле́, нескл., н.

Назва кулінарных вырабаў (кандытарскіх, малочных, мясных), у склад якіх уваходзяць узбітыя бялкі.

[Фр. souffle ад souffler — дуць.]

суфлёр, ‑а, м.

Работнік тэатра, які суфліруе акцёрам. Самадзейныя артысты, як правіла, ролі на памяць не вучылі, і ўся надзея была на суфлёра. Губарэвіч. // Разм. Падказчык.

[Фр. souffleur.]

суфлёрскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да суфлёра. Суфлёрская будка.