Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сутарэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сутарэння. Сутарэннае скляпенне. // Які з’яўляецца сутарэннем, які знаходзіцца ў сутарэнні. Я атрымаў пакой у службовым сутарэнным памяшканні на двары тэатра. Сяргейчык.

су́тачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сутак. Сярэдняя сутачная тэмпература. // Роўны суткам. Сутачны тэрмін.

2. Які адбываецца за суткі. Многім атрадам і брыгадам трэба было зрабіць амаль сутачны марш, каб выйсці на зыходны рубеж. Дзенісевіч. // Разлічаны на суткі. Сутачны графік. Сутачны запас вады. // Які атрымліваецца за суткі. Сутачны надой. Сутачная здабыча вугалю. Сутачны заработак.

3. у знач. наз. су́тачныя, ‑ых. Сума, якая выплачваецца асобам, што знаходзяцца ў камандзіроўцы або накіраваны на працу ў другую мясцовасць, за кожны дзень камандзіроўкі або знаходжання ў дарозе.

су́ткі, ‑так; адз. няма.

Адзінка вымярэння часу, роўная 24 гадзінам; працягласць дня і ночы. Колькі падзей адбылося ў .. жыцці [Машы] за адны толькі суткі! Шамякін. Задажджылася раптам на цэлыя суткі. Брыль. Ляцяць птушкі круглыя суткі — удзень і ўначы. Ігнаценка.

су́тнасць, ‑і, ж.

1. Самае істотнае, галоўнае ў чым‑н., унутраны змест чаго‑н. Сутнасць жыцця. Гаварыць па сутнасці справы. □ [Паходня:] — Жыццё складаней, чым вы [Заранік] паказваеце, і трэба акунуцца ў яго з галавой, каб разабрацца ў сутнасці таго, што адбываецца. Хадкевіч. Тут цяжка было дайсці да сутнасці і зразумець, хто з .. [моладзі] казаў праўду, а хто не. Машара.

2. У філасофіі — унутраная аснова прадметаў і з’яў, якая вызначае іх глыбінныя сувязі і адносіны, што выяўляюцца і пазнаюцца праз з’явы.

•••

Па сутнасці (у знач. пабочн.) — калі разглядаць аснову справы; на самой справе, у сапраўднасці. [Начальнік участка:] — На нас, па сутнасці, увесь завод працаваў. Карпаў.

суто́кі, ‑аў; адз. няма.

1. Месца, дзе зліваюцца два водныя патокі. Сутокі рэк.

2. Разм. Лінія сутыкнення, мяжа. Я люблю гэтыя далі, калі над імі разнімае сваё крылле грозная хмара і выкочвае велізарныя, златарунныя клубкі, кідаючы гняўлівыя цені на сутокі неба і зямлі. Колас.

суто́нець, ‑ее; безас. незак.

Абл. Змяркацца. У гэтую пару года дні вельмі кароткія. Пакуль тое ды сёе — ужо і сутонела. Гарэцкі.

суто́нне, ‑я, н.

Абл. Паўзмрок паміж захадам сонца і надыходам ночы, а таксама паўзмрок перад світаннем. Згушчаецца за акном вячэрняе сутонне. Навуменка. Сіні ў перадранішнім сутонні .. [снег] аж сляпіў вочы сваёй чыстай, некранутай белізною. Сачанка. // Паўзмрок у слаба асветленым месцы, памяшканні. Будынкі патанаюць у зялёным сутонні дрэў. Дуброўскі. Я вынесла дарунак роднай У сутонне свежае сяней. Лось.

суто́ньвацца, ‑аецца; безас. незак.

Абл. Змяркацца. Сутоньвалася. Дзе-нідзе запальваліся агні. Баранавых.

суту́лаватасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан сутулаватага. Нават у постаці маладога, рослага Ермалая азначылася заўчасная сутулаватасць. Дуброўскі.

суту́лаваты, ‑ая, ‑ае.

Крыху згорблены. Лысы, лоб круты, маршчыністы. Сам [Бухберг] сутулаваты, прысадзісты .. Адзеты бедна, але па-інтэлігенцку. Колас.