сусе́д, ‑а, М ‑дзе; мн. суседзі, ‑яў; м.
1. Чалавек, які жыве паблізу каго‑н. або побач з кім‑н. Потым Алік бліжэй «пазнаёміўся» з Леўкіным — яны сталі суседзямі, атрымаўшы сумежныя пакоі ў адной кватэры. Дадзіёмаў. Дзяцей з двара нікуды не выпускалі — каб яшчэ не надумаліся па суседзях хваліцца: «А наш татка дадому вярнуўся!» Васілевіч.
2. Той, хто займае месца, бліжэйшае да каго‑н. Фёдар Каваль сядзеў і ўсё паглядаў у акно, аж пакуль не прачнуліся суседзі па купэ. Хомчанка. Міхасёвым суседам справа, каля машыны № 7, стаіць Толя Касёнак. Брыль. Разам з .. [Толем] ішоў Міхась Прахарэвіч — яго лагерны дружбак і сусед па палаце. Якімовіч.
3. Дзяржава, мясцовасць, якія мяжуюцца з іншай дзяржавай, мясцовасцю, а таксама насельніцтва іх. Мае браты, мае суседзі, свабодны, новы польскі люд! Няхай жа песняй звонкай медзі красуе наша дружба тут! Колас.
сусе́даў, ‑ава.
Які належыць суседу, мае адносіны да суседа. Суседавы дзеці. □ [Арцём:] — Мне і не снілася, што патраплю на вяселле! О, на суседавым вяселлі пагуляць прыемна! Чыгрынаў.
сусе́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Разм. Знаходзіцца, быць у суседстве. З правага боку возера, наперадзе рэчка, а тут парабкоўскія гароды, і толькі з аднаго боку хутар суседзіць з другім хутарам. Галавач. Чыстыя ўслоны суседзілі з трыма чорнымі еенскімі крэсламі. Гартны.
сусе́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Жан. да сусед.
сусе́дні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца паблізу, побач, размешчаны па суседству. [Валя] саскочыла, азірнулася ў бакі і шмыгнула пад састаў, што стаяў на суседнім пуці... Мележ. Дзяцел нехаця ўзняўся з бярозы і пераляцеў на суседнюю. Даніленка. У суседнім пакоі стаялі па-святочнаму прыбраныя сталы, ярка гарэлі лямпы. С. Александровіч.
2. Які жыве па суседству з кім‑н. Аднойчы гуляў пан у карты і выйграў у суседняга пана маёнтак. Якімовіч.
сусе́днічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Знаходзіцца па суседству, побач з чым‑н. Медна-барвовыя шапкі асін суседнічаюць з сонечна-светлымі, стромкімі макаўкамі бяроз. Навуменка. Было, што на стрэхах камуны з буслінымі гнёздамі суседнічалі кулямёты. Дуброўскі. // Мець месца, быць у наяўнасці побач з чым‑н. Вобразы і настроі, трагічныя па самой сутнасці .. суседнічаюць з прасветленым пачуццём. Бярозкін.
сусе́дскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да суседа, належыць яму. Суседская хата. Суседская дачка. □ Пачнеш араць — глядзі, каб незнарок суседскі не крануць шнурок. А. Вольскі. Недзе блізка на суседскім двары раз-пораз маці клікала дачку. С. Александровіч. Калі ў суседскім садзе пачынаюць пунсавець гронкі рабіны, значыць, лета канчаецца. Кандрусевіч. // Які мае адносіны да суседзяў і іх узаемаадносін. Супрацоўніцтва [партызан] з мясцовым насельніцтвам наладжана на глебе суседскага абмену. Брыль.
2. Які жыве па суседству. У пасаджанай набок новенькай шапцы, з залацістай эмблемкай чыгуначніка, .. [Вася] бадзёра на[йгра]ваў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны.
сусе́дства, ‑а, н.
1. Блізкасць з кім‑, чым‑н. па месцу жыхарства. Камсамолкі з інтэрната № 2 узялі шэфства над хлопцамі, што пасяліліся па суседству з імі. Грахоўскі. [Некрашэвічы і Нарбутовічы] жылі па суседству, але ў хату адзін да аднаго не заходзілі. Чарнышэвіч. // Блізкасць, сумежнасць з кім‑, чым‑н. па месцу знаходжання, размяшчэння. Стаіць .. [хата] наводшыбе і ў блізкім суседстве з хмызняком ускрай балота. Колас. Суседства з рынкам прыносіла і нямала забаў. Бачыла.
су́сла 1, ‑а, н.
1. Адвар крухмалістых і цукрыстых рэчываў у стане браджэння, які ідзе на выраб піва і квасу.
2. Сок адціснутага вінаграду.
су́сла 2, ‑ы, ж.
Абл.
1. Самаробная соска або жвачка (звычайна з хлеба з цукрам), якую даюць дзіцяці. [Кастусь:] — Калі Вова прачнецца і будзе плакаць, дасцё суслу. Яна ў калысцы. Кудравец. На палічцы ляжыць распачаты бохан хлеба. Я адломваю кавалак мякіша, пачынаю жаваць, каб зрабіць суслу. Асіпенка.
2. перан. Пра папяросу, люльку і пад. Зязюльскі шпурнуў сваю суслу-папяросу. Колас. Ох і перападала Лаўрэну ад бабкі Валі за гэтыя суслы, як яна звала цыгарэты. Сабаленка.
су́славы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сусла 1, прыгатаваны з сусла.