суро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што і без дап.
Разм. Паводле забабонных уяўленняў — прынесці няшчасце, хваробу, пашкодзіць каму‑н. паганым (ліхім) вокам. Ячны нават і ртуці .. зашыў коніку ў «жычку», істужку, якой упрыгожана шыя малога [жарабяці]. Каб не сурочыла часам ліхое вока. Брыль. Нездарма ж маці не раз казала .. [Крывахіжу], каб не глядзеў на малых дзяцей у калысцы, бо можа сурочыць. Алешка. // Пашкодзіць каму‑, чаму‑н., хвалячы, прадказваючы што‑н. [Насця:] — Сёння, Ірынка, усе хлопцы твае будуць... — Не суроч, Настачка, — засмяялася Ірынка. Сіняўскі. [Скрыпка:] — Ты ў мяне не благі, здольны сын. Каб толькі не сурочыць... Дубоўка.
су́рык, ‑у, м.
1. Мінерал, у склад якога ўваходзіць свінец.
2. Мінеральная фарба чырвона-аранжавага ці чырвона-карычневага колеру.
су́рыкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сурыку.
сурэжысёр, ‑а, м.
Рэжысёр, які працуе разам з іншым рэжысёрам.
суса́к, ‑у, м.
Шматгадовая травяністая вадзяная ці балотная расліна сямейства сусаковых з парасонападобным суквеццем, з лісця якой плятуць кашы, маты і пад.
сусако́выя, ‑ых.
Сямейства аднадольных шматгадовых раслін, якія растуць на балотах і па берагах вадаёмаў у СССР, Еўразіі і ў Паўночнай Амерыцы.
суса́ль, ‑і, ж., зб.
Тонкія пласцінкі золата, срэбра, волава, медзі, якія служаць для дэкаратыўнага аздаблення якіх‑н. вырабаў.
суса́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць сусальнага (у 2 знач.); фальшывая прыгажосць, саладжавасць. [Карціне] не хапае кампазіцыйнага адзінства, ёсць прыкметны налёт сусальнасці. Ліс.
суса́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сусалі, з’яўляецца сусаллю. Сусальнае золата. // Пакрыты сусаллю. Сусальныя рызы.
2. перан. Які вызначаецца фальшывай прыгажосцю, саладжавасцю.
сусве́т, ‑у, М ‑свеце, м.
1. Увесь свет, бясконцы ў часе і прасторы і бясконца разнастайны па формах, якія прымае матэрыя ў працэсе свайго развіцця. Недзе ў бяздонных глыбінях сусвету Вымпел чырвоны праносіць ракета. Макаль. Самуіла, які любіў кнігу і хацеў пазнаць тайны сусвету, не мог задаволіць рэлігійны дыдактызм. Каваленка.
2. Зямны шар, Зямля з усім, што існуе на ёй. [Восень] усім людзям сусвету ў дарунак плён зямлі прыносіць. Дубоўка. І «Аўрора», агнём скалануўшы планету, аддавала салют маладосці сусвету. А. Вольскі.
3. Тое, што і свет (у 3 знач.). Але наш паэт і натураліст не дабіраецца да другой, не менш важнай ісціны — да класавага падзелу большай часткі гэтага сусвету на паноў і нявольнікаў. Кудраўцаў. Ён [Ленін] скалануў стары сусвет, Да камунізма шлях намеціў. Астрэйка.