Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сургу́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сургучу. // Зроблены з сургучу. Усеўшыся, .. [чалавек] запатрабаваў пакет з Максімавымі паперамі. Зламаў сургучную пячатку, унурыўся ў паперы. Машара.

сурдака́мера, ‑ы, ж.

Памяшканне з гуканепранікальнымі сценамі, якое служыць для падрыхтоўкі касманаўтаў да работы ва ўмовах адсутнасці гукавых раздражняльнікаў.

сурдалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сурдалогіі. Сурдалагічны інстытут.

сурдало́гія, ‑і, ж.

Галіна медыцыны, якая вывучае парушэнні слыху.

[Ад лац. surdus — глухі і грэч. logos — вучэнне.]

сурдапедаго́г, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне сурдапедагогікі.

сурдапедаго́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.

Навука пра выхаванне і навучанне дзяцей з парушэннямі слыху.

[Ад лац. surdus — глухі.]

сурдзі́на, ‑ы, ж.

Прыстасаванне, пры дапамозе якога аслабляецца гук у музычных інструментах.

[Фр. sourdine.]

сурдзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Тое, што і сурдзіна.

•••

Пад сурдзінку — а) ціха, прыглушана. Каб не прыцягваць увагі пасажыраў, я іграў .. [жанчыне] ціха, пад сурдзінку. Рамановіч; б) тайком, употай, цішком.

сурду́т, ‑а, М ‑дуце, м.

Мужчынская двухбортная вопратка з доўгімі поламі, якая цесна аблягае цела. Тасін бацька на вачах у дачкі выцяг[нуў] з шафы свой стары сурдут з сярэбранай зоркай. Мікуліч.

[Ад фр. surtout.]

сурду́тнік, ‑а, м.

Кравец, які шые сурдуты.