супярэ́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Пярэчыць, не згаджаючыся з кім‑н. Раніцай .. [Пятро] папрасіўся ў памочнікі. Хлопцы не супярэчылі — няхай ідзе. Новікаў. Вася Цыганок не супярэчыў, калі яму .. сказалі, што яго чарга ісці на варту. Шчарбатаў.
2. Не адпавядаць, мець у сабе супярэчнасць. Уведзенае перакладчыкам слова «У хмызняках» не супярэчыць унутранай логіцы арыгінала: карціна балотнай мясціны асацыіруецца з хмызнякамі. Палітыка.
супясча́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да супеску, складаецца з супеску. Супясчаныя глебы.
сураве́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.
Абл. Тое, што і сыраежка. Суравежкі і суніцы Зарадзілі ля крыніцы. Якімовіч.
сураве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Тое, што і суровець. Андрэй глянуў на рукі Вольгі,.. на рухавы твар, які то суравеў, то праясняўся ласкай. Пестрак.
сураві́зна, ‑ы, ж., зб.
1. Суравая пража або тканіна.
2. Спец. Тканіна з ткацкага станка без афарбоўкі і апрацоўкі. Прамыўка суравізны.
суравы́, ‑ая, ‑ое.
1. Грубы, нябелены (пра тканіну, ніткі і пад.). Мех быў новы, з суравога палатна. Пташнікаў. // Зроблены з грубай нябеленай тканіны. Суравы абрус. □ На дварэ днела; шэрае святло прабівалася ў .. пакой [Наталі] праз шчыльную суравую фіранку. Гартны.
2. Абл. Сыры. [Антось:] — Вось глядзі: агуркі суравыя і маласольныя — колькі хочаш. Кулакоўскі.
сурага́т, ‑у, М ‑гаце, м.
Замяняльнік натуральнага прадмета, прадукту, які мае толькі некаторыя яго ўласцівасці. Сурагат слановай косці. Сурагат цукру — сахарын. // перан. Тое, што замяняе сабою што‑н. Мастацкая літаратура толькі тады будзе дзейснай і сапраўднай зброяй у руках партыі, калі яна будзе сапраўды мастацкай, а не сурагатам мастацтва. Чорны.
[Ад лац. surrogatus — пастаўлены замест іншага.]
сурага́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сурагату, з’яўляецца сурагатам. Сурагатная кава.
суразме́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад суразмераць.
суразме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Прывесці ў адпаведнасць з чым‑н. па велічыні, памерах; устанавіць адпаведнасць з чым‑н. па велічыні. Суразмераць расходы з даходамі. Суразмераць сілы.