супы́нак, ‑нку, м.
1. Часовы перапынак у якім‑н. дзеянні; часовае спыненне чаго‑н. [Джулія], відаць, рада была супынку, аддыхвалася, узяўшыся рукой за вяршаліну сасонкі. Быкаў. Вось і вёска Русічы. Тут будзе супынак. Дубоўка.
2. Месца, дзе спыняецца аўтобус, трамвай, поезд і пад. для пасадкі і высадкі пасажыраў. Яшчэ ў цягніку [Васілінка] надумалася сысці на гэтым супынку, хоць добра ведала, што трэба да тых хутароў вёрст пяць дыбаць праз лес. Ус. Ты нямнога са мной пабыла, Не ўсплыла нават поўня, як глобус, На супынак маўкліва пайшла, Дзе спыніўся ружовы аўтобус. Ляпёшкін.
•••
Без супынку — не спыняючыся; бесперапынна. [Юрка] зрабіў гэта [практыкаванне] разоў шэсць без супынку. Ракітны. Нашы гарматы без супынку білі па нямецкіх батарэях і акопах. Мележ.
супыні́цца, ‑пынюся, ‑пынішся, ‑пыніцца; зак.
Разм. Тое, што і спыніцца. Хлопчыкі падышлі да канавы і супыніліся. Гамолка. На маленькім паўстанку Супыніся, экспрэс! Прыходзька. Настаўнік абвёў усіх поглядам і супыніўся на Антону... Чарот. Ці мінула хвіліна, другая?.. А ці час супыніўся навечна?.. Дзяргай.
супыні́ць, ‑пыню, ‑пыніш, ‑пыніць; зак., каго-што.
Разм. Тое, што і спыніць. Пуцявы абходчык хлопцаў супыніў на пераездзе. Калачынскі. Кроў бруіць няспынна, Не супыніць ніяк бінтамі кроў. Прыходзька.
супыня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да супыніцца.
2. Зал. да супыняць.
супыня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да супыніць.
супярэ́чанне, ‑я, н.
Разм. Выказванне або ўчынак, накіраваныя супраць каго‑, чаго‑н.; пярэчанне. Рыжы гаварыў тонам, не дазваляючым супярэчання. Галавач.
супярэ́члівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць супярэчлівага; наяўнасць супярэчнасцей у чым‑н. Гэтая жанчына не раз ужо здзіўляла .. [Лемяшэвіча] над звычайнай супярэчлівасцю свайго характару. Шамякін. Словам, думак розных, неразбярыхі і супярэчлівасці на душы ў мяне хапала. Сачанка.
супярэ́члівы, ‑ая, ‑ае.
Які мае ў сабе супярэчнасці (у 1 знач.). Супярэчлівыя паказанні. Супярэчлівыя пачуцці. □ Даволі доўгі час пра Саўку не чуваць было нічога... Аб ім хадзілі супярэчлівыя чуткі. Колас. У паэме «Лясун» [А. Лойкі] лірычны герой — больш складаная, супярэчлівая натура. Арочка. Фарміраванне творчых індывідуальнасцей у гушчы самадзейнай паэзіі — гэта складаны і супярэчлівы працэс. Гіст. бел. сав. літ.
супярэ́чнасць, ‑і, ж.
1. Становішча, пры якім адно (выказванне, думка, учынак) выключае іншае, не сумяшчальнае, не ўзгодненае з ім. Прагараваўшы ўсю ноч у роздумах і душэўных супярэчнасцях, хлопец заснуў толькі пад раніцу і прачнуўся позна. Кулакоўскі. Усё, чым .. [Васіль] жыў у гэты вечар, было поўна супярэчнасці. Мележ. // Неадпаведнасць, няўзгодненасць. [Паддубны] разважае аб тым, што супярэчнасць паміж розумам і пачуццямі трэба вырашаць шляхам свядомага іх спалучэння. Хромчанка.
2. звычайна мн. (супярэ́чнасці, ‑ей). У філасофіі — адносіны процілегласцей, уласцівых прадметам і з’явам прыроды і грамадства. Класавыя супярэчнасці. Унутраныя супярэчнасці. □ Першая сусветная вайна вельмі абвастрыла і выявіла найглыбейшыя супярэчнасці капіталістычнай сістэмы. «Звязда».
3. Выказванне або ўчынак, накіраваныя супраць каго‑, чаго‑н.; супярэчанне, пярэчанне. Нарэшце ў ім [Максіме] ўзяло верх простае пачуццё супярэчнасці. Машара.
супярэ́чны, ‑ая, ‑ае.
Які супярэчыць чаму‑н. Сотні разнастайных, супярэчных пытанняў узнікалі адно за адным. Шамякін.