Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сустрака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да сустрэць.

сустрэ́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сустрэць.

сустрэ́цца, ‑стрэнуся, ‑стрэнешся, ‑стрэнецца; зак.

1. Рухаючыся з розных бакоў, сысціся з кім‑н.; трапіцца каму‑н. насустрач. [Аўгіні] прыпомнілася, як ішла яна з Мартынам з Прыпяці, як сустрэўся ёй Кандрат Вус. Колас. Па дарозе .. [Сяргею] сустрэліся толькі дзве жанчыны з поўнымі вёдрамі вады. Шахавец. // Сутыкнуцца, дакрануцца. Той пялёстак мы шукалі — Кажуць, шчасце ён прыносіць. Ды сустрэцца нам рукамі Ненарокам давялося. Жычка. // Трапіцца, аказацца на шляху. Па дарозе сустрэўся ручаёк. // Паглядзець адзін аднаму ў вочы, абмяняцца позіркамі. Андрэй сустрэўся з Паддубным вачыма, і яны адзін аднаму злёгку кіўнулі. Пестрак. Міхаліна цярпліва чакала. Нарэшце Эдвард падняў галаву, позіркі іх сустрэліся. Пальчэўскі. // Выявіць што‑н. у сваім жыцці, дзейнасці; напаткаць у рабоце, жыцці, назіраннях і пад. Марына сустрэлася з жыццём твар у твар. Васілевіч. Прыём выстаўляць сябе дабрадзеем не новы для тых, хто жыве за кошт мускулаў і поту працоўных. З гэтым у ЗША можна сустрэцца на кожным кроку. Філімонаў.

2. Сысціся для сумеснага правядзення часу, па справе і пад.; спаткацца з кім‑н. [Аня:] — Давай, як скончыцца вайна, сустрэнемся ў нашай школе. Ляўданскі. Госці хочуць сустрэцца з .. [рабочымі] ўвечары. Карпаў. Ля крыніцы З маладзіцай Я сустрэўся на зары. А. Александровіч.

сустрэ́ць, ‑стрэну, ‑стрэнеш, ‑стрэне; зак., каго-што.

1. Ідучы насустрач, па дарозе спаткаць каго‑н. Сустрэў я неяк Сеньку на вуліцы, спыніў яго. Краўчанка. Дзяцей сустрэну — дружным хорам Вітаюць ветліва мяне. Лойка. Часам пройдзе стары [Цыпрук] вярсту-другую і жывой душы не сустрэне. Бядуля. Кіламетры за два ад дому .. [Сцяпан] сустрэў Дубіцкага Антося. Чарнышэвіч. // Убачыць, спаткаць што‑н. (што трапляецца на шляху). Ці параконны плуг сустрэну — На сэрца сум наводзіць ён: Не дачакацца мне на змену Сталёвых трактарных калон. Крапіва. На шчасце наша, ча шляху сустрэлі статак хвой. Астрэйка. // Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., спаткаць чый‑н. погляд. [Маша] ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма. Шамякін. І не чакаў Федзя сустрэць, як калісьці ў вучнёўскую пару, адкрыты позірк Любы. Грамовіч. // Знайсці, убачыць, выявіць вывучаючы што‑н. Упамінанні аб многіх вершах Пестрака можна сустрэць у водгуках рэдакцый розных часопісаў. Хромчанка. У творах ранняга пісьменніка нярэдка можна сустрэць дыялектызмы, словы вузкага мясцовага значэння. Кудраўцаў. // Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Сустрэла добрага чалавека, пакахала, пажаніліся. «Звязда». [Чырвонаармеец:] — Не заўсёды сустрэнеце такога камандзіра, як наш. Ляўданскі. // перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Сустрэць падтрымку. □ Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка. Шамякін. Цяжкая, суровая доля нам выпала... Мы цвёрда сустрэлі каварны ўдар! Глебка.

2. Выйсці спаткаць, прывітаць каго‑н.; прывітаць, прыняць каго‑н. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і Мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе?.. Сустрэне яго хто-небудзь, ці не сустрэне? Колас. Лясовіч прасіў, каб хто-небудзь з МТС сустрэў яго на вузлавой станцыі за сто кіламетраў ад Лашыч. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Дзіцячы пісклівы плач сустрэў яго [Коршака]. Мурашка. Сустрэлі [Андрэя з сям’ёю] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком. Пестрак. // Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, падыход і пад. чаго‑н. Сустрэлі Толю ў Міхасёвай сям’і як роднага. Якімовіч. Ветліва сустрэў пастаноўку «Паўлінкі» маскоўскі глядач. Ярош. Клас сустрэў Святлану Мікалаеўну напружанай цішынёй. Шахавец. / у перан. ужыв. Льваў сустрэў дэлегатаў яркім сонечным днём. Васілевіч.

3. Дачакацца пачатку, надыходу, з’яўлення чаго‑н. Я ішоў і сустрэў Новы дзень, што ўваходзіў у горад. Танк. Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі ўсходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым. Панчанка. Так радасна сустрэць Дзень Першамая — Працы і вясны. Астрэйка.

4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Пайшоў на фронт, загінуў сын — Сустрэў суровы лёс. Непачаловіч. Цяпер .. [Чыгунок] грае, з усмешкай глядзіць на дзяўчынку, якой больш пашанцавала, якую шчасце сустрэла на самым пачатку жыцця. Брыль.

•••

Сустрэць у штыкі — аднесціся крайне варожа, з непрыязнасцю.

сустрэ́ча, ‑ы, ж.

1. Спатканне з кім‑, чым‑н. пры руху з розных бакоў. І Вышамірскі і Мішка аслупянелі ад такой нечаканай сустрэчы. Бядуля. Сумеўся, бо часта ўспамінаў [Юра] выпадковую сустрэчу ля купкі меднастволых соснаў. Карпаў. // Сход, сумеснае знаходжанне дзе‑н. для абгаварэння чаго‑н. або ў сувязі з прыездам, прыходам каго‑н. Сустрэча кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі. □ Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі. Пасля прыязнай таварыскай гутаркі ў рабочым клубе мы пайшлі на сустрэчу з гданьскімі пісьменнікамі. Пестрак. // Спартыўнае спаборніцтва. Таварыскія сустрэчы па хакею. □ [Вадзім:] — Шкада, што цябе не было на сустрэчы. Паглядзеў бы, як я два мячы забіў, пад самую перакладзіну. Асіпенка. Абвясціў свісток суддзі, Што канец сустрэчы. Гілевіч. // Паядынак, бітва. На месцы .. сустрэчы з ворагам бушаваў лясны пажар. Колас.

2. Спатканне, часцей умоўленае, дзвюх або некалькіх асоб. Назначылі час сустрэчы [дзед Талаш і Папас] і разышліся. Колас. Паўлік ішоў павольна, бо дома яго чакала таксама сустрэча не з радасных. Краўчанка. Наступная сустрэча адбылася праз тыдзень, на .. кватэры [Наташы]. Шчарбатаў.

3. Падрыхтаваны прыём каго‑, чаго‑н.; урачыстасць з прычыны надыходу, прыбыцця каго‑, чаго‑н. У канцы пералічваліся абавязкі, якія бярэ на сябе атрад, рыхтуючыся да свята і сустрэчы дарагіх гасцей. Якімовіч.

•••

Да сустрэчы — да спаткання.

сустрэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе, рухаецца насустрач. З-за павароту адна за другой выскачыла некалькі сустрэчных аўтамашын. Корбан. Аня весела аглядалася на сустрэчных студэнтак. Карпюк. Сустрэчны вецер асвяжыў мяне, на нейкую хвіліну адагнаў сон. С. Александровіч. Гасяць, чуў я, пажары лясныя Сустрэчным агнём. Куляшоў. / у знач. наз. сустрэ́чны, ‑ага, м. Заглядаючы ў вокны дамоў, у пад’езды, прыглядаючыся да сустрэчных,.. [Віктар] прайшоў квартал. Карпаў. // Які трапляецца на дарозе. Ідзе чалавек бестурботны, Разглядвае лес векавы, Сустрэчных дарожак палотны. Колас.

2. Які з’яўляецца адказам на што‑н.; які даецца ў адказ на што‑н. Сустрэчны план. Сустрэчны ўдар. □ Вось, напрыклад, жонка пачне, як гэта ўсе кажуць, пілаваць, — а я ніякіх ёй сустрэчных «тэзісаў». Скрыпка. Сустрэчная страляніна стала беспарадкавай, кулямёт справа замаўчаў. Хадкевіч.

3. Які выконваецца пры сустрэчы (у 3 знач.). У адказ .. [начальніку] марш вясёлы, сустрэчны. Лынькоў.

•••

Сустрэчны агонь гл. агонь.

Сустрэчны іск гл. іск.

Першы сустрэчны — першы, хто пападзецца насустрач.

Сустрэчны і папярэчны — усякі, любы без разбору чалавек.

сута́на, ‑ы, ж.

Верхняе (звычайна доўгае і цёмнага колеру) адзенне каталіцкага духавенства, якое носяць па-за службай. Апрануты .. [уніят] быў у доўгую чорную ксяндзоўскую сутану. Машара.

[Фр. soutane.]

су́тарга, ‑і, ДМ ‑рзе, ж.

Рэзкае неадвольнае скарачэнне мышц (ад болю, холаду, пры некаторых захворваннях або душэўных пакутах). Біцца ў сутаргах. □ [Андрэй] .. баяўся, каб ад холаду не пачаліся сутаргі. Скрыпка.

су́таргавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікаецца сутаргай, з’яўляецца ёю. Дыхнуўшы цёплага паветра,.. [Сотнікаў] пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве. Быкаў. // Які суправаджаецца сутаргамі, неадвольны і моцны. Сутаргавы кашаль. □ Лейтэнант зрабіў некалькі сутаргавых глыткоў і перарывіста задыхаў. Курто. Пачулася ўсхліпванне — прыдушанае, сутаргавае. Місько.

2. перан. Парывісты, напружаны, рэзкі. Сутаргава парыў ветру быў моцны і нечаканы. Савіцкі.

3. перан. Хваравіта-неспакойны, ліхаманкавы. Паступова крыкі .. [Рывы] слабеюць, глухнуць, пераходзяць у сутаргавы шэпт. Васілевіч.

сутарэ́нне, ‑я, н.

Памяшканне пад першым паверхам будынка, ніжэй узроўню зямлі; падзямелле. Наверсе жылі жандары, а ўнізе ў сутарэнні — майстэрня. Галавач. Камера ў сутарэнні гэтага ж будынка была вузкая, сырая і вельмі цёмная. Кулакоўскі. [Чыжыку] пачало здавацца, што ён у крэпасці. У тым самым сутарэнні, дзе ляжаць параненыя. Лупсякоў.