сустрэць, ‑стрэну, ‑стрэнеш, ‑стрэне; зак., каго-што.

1. Ідучы насустрач, па дарозе спаткаць каго‑н. Сустрэў я неяк Сеньку на вуліцы, спыніў яго. Краўчанка. Дзяцей сустрэну — дружным хорам Вітаюць ветліва мяне. Лойка. Часам пройдзе стары [Цыпрук] вярсту-другую і жывой душы не сустрэне. Бядуля. Кіламетры за два ад дому .. [Сцяпан] сустрэў Дубіцкага Антося. Чарнышэвіч. // Убачыць, спаткаць што‑н. (што трапляецца на шляху). Ці параконны плуг сустрэну — На сэрца сум наводзіць ён: Не дачакацца мне на змену Сталёвых трактарных калон. Крапіва. На шчасце наша, ча шляху сустрэлі статак хвой. Астрэйка. // Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., спаткаць чый‑н. погляд. [Маша] ўзняла вочы і сустрэла позірк Максіма. Шамякін. І не чакаў Федзя сустрэць, як калісьці ў вучнёўскую пару, адкрыты позірк Любы. Грамовіч. // Знайсці, убачыць, выявіць вывучаючы што‑н. Упамінанні аб многіх вершах Пестрака можна сустрэць у водгуках рэдакцый розных часопісаў. Хромчанка. У творах ранняга пісьменніка нярэдка можна сустрэць дыялектызмы, словы вузкага мясцовага значэння. Кудраўцаў. // Сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Сустрэла добрага чалавека, пакахала, пажаніліся. «Звязда». [Чырвонаармеец:] — Не заўсёды сустрэнеце такога камандзіра, як наш. Ляўданскі. // перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Сустрэць падтрымку. ▪ Спроба бацькі забраць яго з рук Максіма сустрэла рашучы пратэст хлопчыка. Шамякін. Цяжкая, суровая доля нам выпала... Мы цвёрда сустрэлі каварны ўдар! Глебка.

2. Выйсці спаткаць, прывітаць каго‑н.; прывітаць, прыняць каго‑н. Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і Мыслі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе?.. Сустрэне яго хто-небудзь, ці не сустрэне? Колас. Лясовіч прасіў, каб хто-небудзь з МТС сустрэў яго на вузлавой станцыі за сто кіламетраў ад Лашыч. Хадкевіч. / у перан. ужыв. Дзіцячы пісклівы плач сустрэў яго [Коршака]. Мурашка. Сустрэлі [Андрэя з сям’ёю] на радзіме палеткі, зарослыя густым беразняком. Пестрак. // Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, падыход і пад. чаго‑н. Сустрэлі Толю ў Міхасёвай сям’і як роднага. Якімовіч. Ветліва сустрэў пастаноўку «Паўлінкі» маскоўскі глядач. Ярош. Клас сустрэў Святлану Мікалаеўну напружанай цішынёй. Шахавец. / у перан. ужыв. Льваў сустрэў дэлегатаў яркім сонечным днём. Васілевіч.

3. Дачакацца пачатку, надыходу, з’яўлення чаго‑н. Я ішоў і сустрэў Новы дзень, што ўваходзіў у горад. Танк. Народ паўстаў. І на падмогу Прыйшлі ўсходнія браты, Каб радасную перамогу Сустрэць пад сонцам залатым. Панчанка. Так радасна сустрэць Дзень Першамая — Працы і вясны. Астрэйка.

4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Пайшоў на фронт, загінуў сын — Сустрэў суровы лёс. Непачаловіч. Цяпер .. [Чыгунок] грае, з усмешкай глядзіць на дзяўчынку, якой больш пашанцавала, якую шчасце сустрэла на самым пачатку жыцця. Брыль.

•••

Сустрэць у штыкі — аднесціся крайне варожа, з непрыязнасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)