суту́ласць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць і стан сутулага. Недарэчны той халат яшчэ больш падкрэсліваў .. сутуласць [Уладзіміра Феафілавіча]. Васілевіч. Невысокі найбольш з-за свае сутуласці, з рэдкімі і вельмі кароткімі льнянымі вусамі, з падціснутай ніжняй губою, ён непрыкметна снаваў між людзей вёскі. Лупсякоў.
суту́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; незак.
Злёгку згінаць спіну; горбіцца. Багдановіч, як і Чэхаў, таксама быў, бадай, вышэй чым сярэдняга росту, злёгку сутуліўся, канфузліва пакашліваў. «Полымя». // Станавіцца згорбленым. Шырокія плечы сутуліліся і нельга было зразумець — ад старасці яны ці ад працы. Машара.
суту́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.
Рабіць сутулаватым; горбіць. Чалавек ён быў яшчэ не стары.., але хадзіў заўсёды квола, па-старэчаму; і ходзячы, і стоячы, сутуліў шырокую .. спіну. Кулакоўскі.
суту́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. З крыху сагнутай спінай і высунутымі паперад плячамі; згорблены. [Усцін] стаяў, паныла апусціўшы галаву, высокі; трохі сутулы, збянтэжаны. Марціновіч. На парозе хаты з’явілася высокая, крыху сутулая постаць дзядзькі Вінцука. В. Вольскі.
сутыка́льны, ‑ая, ‑ае.
Які сутыкаецца, мае сутыкненне з кім‑, чым‑н.
сутыка́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. сутыкацца — сутыкнуцца.
сутыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сутыкнуцца (у 1–3 знач.).
2. Датыкацца, дакранацца ўзаемна. [Настаўніца] завяла патэфон, я пачаў выбіраць пласцінкі, рукі нашы ўвесь час сутыкаліся. Лупсякоў.
3. Размяшчацца блізка да чаго‑н.; мець сумежныя бакі; межавацца. [Паліна:] — Пайсці ўскрайкам лугу, што сутыкаўся з полем, значыла выдаць сябе. Кавалёў.
4. Уступаць у якія‑н. адносіны, узаемадзеянне, кантакт з кім‑, чым‑н.; мець справу з кім‑, чым‑н. Важным сродкам узбагачэння слоўнікавага саставу старабеларускай мовы з’явілася запазычванне лексікі з іншых, пераважна суседніх моў, з якімі ў большай ці меншай ступені сутыкалася ў старажытнасці беларуская мова. Жураўскі.
5. Зал. да сутыкаць.
сутыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да сутыкнуць.
сутыкне́нне, ‑я, н.
1. Удар, штуршок, які адбываецца пры хуткім збліжэнні двух прадметаў, што рухаюцца насустрач. Прыйдзе такі момант, калі ў нагрэтым газе малекулы будуць вельмі моцна ўдарацца адна аб другую і энергіі сутыкнення будзе дастаткова для адрыву атамаў. «Маладосць».
2. перан. Уступленне ў супярэчнасць з чым‑н. процілеглым, несумяшчальным, а таксама сама супярэчнасць. Сутыкненне інтарэсаў. □ Грамадскія адносіны, якія склаліся ў працэсе сутыкнення мэтанакіраваных дзеянняў людзей, самі становяцца для іх аб’ектыўным фактарам, што не залежыць ад іх волі. «Весці». Байкі Крапівы змяшчаюць у сабе сутыкненні разнастайных характараў. Лужанін.
3. перан. Непасрэдныя зносіны, сувязь, знаёмства з чым‑н. Сутыкненне з рэчаіснасцю. □ Жыццё [касманаўтаў] праходзіла ў пастаянных сутыкненнях сам-насам з чужой і грознай прыродай. Шыцік. Алесь Руневіч сталее з першых дзён свайго сутыкнення з жахлівай рэальнасцю вайны. Юрэвіч. Сутыкненне з беларускай міфалогіяй, якое дало адметны беларускі каларыт раннім вершам паэта, аказалася эпізадычным. Лойка.
4. Вострая спрэчка, сварка на глебе рознагалосся. [Сябры] адчувалі, што з цягам часу такія спрэчкі могуць перарасці ў больш сур’ёзныя сутыкненні, і ўсяляк імкнуліся загладзіць папрокі і кпіны жартам. Ваданосаў. Але скажу вам... што нават і ў закаханых не заўсёды ідзе ўсё гладка, бываюць і нязгоды і сутыкненні. М. Ткачоў.
5. Сутычка, бой. Узброенае сутыкненне. // Пра палітычны канфлікт, класавыя баі. Пісьменнік зусім не выпадкова паказаў сутыкненне процілеглых класавых сіл тагачаснай заходнебеларускай вёскі — рэвалюцыйна настроенага сялянства і яго антыпода — кулацтва. Майхровіч.
сутыкну́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад сутыкнуць.