Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сухаве́й, ‑ю, м.

Сухі гарачы вецер, які нясе з сабой працяглую засуху. І ён [калгаснік] з сухавеем змагаецца, І садзіць лясы і сады. Астрэйка. Хай сабе спёкі, Дажджы, сухавеі — Жыта ўзыходзіць, Расце, палавее. Дзяргай.

сухаве́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сухавею, з’яўляецца сухавеем. Штодзень у сінеч даль адзета, З адной дзьме вецер стараны, Ды вецер зыркі, сухавейны. Колас.

сухаве́рхі, ‑ая, ‑ае.

З сухой верхавінай. Заўзята і гучна барабаніў у сухаверхае дрэва дзяцел. Сачанка.

сухагру́з, ‑а, м.

1. Сухі груз. Транспарціроўка сухагрузаў.

2. Судна для перавозкі разнастайных сухіх грузаў — штучных (скрынкі, кантэйнеры і інш.), насыпных (зерне, цэмент і інш.), навалачных (руда, вугаль і інш.).

сухагру́зны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для перавозкі сухіх (насыпных або штучных) грузаў (пра судны). Сухагрузны флот.

сухадо́л, ‑у, м.

Бязводная лагчына, схіл, луг, якія атрымліваюць вільгаць толькі ад дажджавой або снегавой вады. І ўлетку, калі на сухадолах пабляклі ўжо фарбы, пойме, .. [крыніцы] вабіла вока веснавой свежасцю. Шамякін. Вагончык стаяў цяпер на мяжы залужскіх палёў і «Новага свету», над сухадолам, што спускаўся на прырэчны поплаў. Хадкевіч.

сухадо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сухадолу. Сухадольныя сенажаці. □ Роснай блакітнай раніцай .. на заліўныя і сухадольныя лугі выехалі калгасныя касілкі. Стаховіч. // Які расце на сухадолах. А [карова] Рэпка, пакуль .. [Сцяпан] займаўся ўспамінамі, зноў пабегла на сухадольную траву. Асіпенка. // Які звязаны з выкарыстаннем сухадолаў. Сухадольнае бахчаводства.

сухадрэ́віна, ‑ы, ж.

Разм. Засохлае на корані дрэва. Псавала гэты прыгожы куточак толькі тоўстая сухадрэвіна з рассечанай маланкай верхавінай. Каліна.

сухажы́лле, ‑я, н.

Шчыльнае, эластычнае ўтварэнне са злучальнай тканкі, з дапамогай якога шкілетныя мышцы прымацоўваюцца да касцей. Балела .. калена і сухажылле над ім, хоць .. [Сотнікаў] адчуваў, што куля трапіла вышэй, у сцягно. Быкаў.

сухажы́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сухажылля. Палажыўшы Крывахіжа на ложак, Міхаленя даследаваў сухажыльныя рэфлексы. Алешка.