сухапу́цце, ‑я, н.
Разм. Суша, зямля, а таксама дарога па сушы. Унізе, на бязмежным чорным фоне зямлі разляглася агромністая прасціна Выганаўскага возера. Самалёт крыху збочвае ад яго на сухапуцце. Паслядовіч.
суха́р, ‑а, м.
1. Высушаны кавалак хлеба, булкі. Усе дні маці сушыла патроху сухары. Якімовіч. У нас не было амаль нічога: апошнія сухары мы раздалі за дзень да прарыву блакады. Сіўцоў. // Сорт сухога печыва. Ванільныя сухары.
2. перан. Разм. Пра сухога, нячулага чалавека. Лейтэнант разгубіўся, ён зусім не быў сухаром і педантам, але ён сапраўды нёс службу. Шамякін. Не стаў Кастусь зазнайкай і кабінетным сухаром, — заўсёды з людзьмі і заўсёды працуе шчыра. Брыль.
3. У тэхніцы — назва розных дапаможных прамежкавых дэталей у механізмах і вузлах машын.
сухарля́вы, ‑ая, ‑ае.
З худым целам (пра чалавека, жывёліну). За сталом — сухарлявы, з чыста паголеным тварам мужчына. Шынклер. Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу — яна была тут старожкаю — прыйшла ў незвычайны рух. Колас. // Пазбаўлены тлушчу (пра твар, рукі і пад.). На сухарлявы твар начальніка штаба лягла задума. Шчарбатаў. — Праходзь, чалавеча! — адказвае дзядок, махнуўшы сухарлявай рукой. Вірня. // Разм. Сухі, тонкі. Маці ўбачыла, як па траве прабег і на руды сухарлявы ствол сасонкі ўскочыў звярок з пушыстым рыжым хвастом. Лось.
суха́рніца, ‑ы, ж.
Пасудзіна для сухароў, пячэння і пад.
суха́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сухароў, з’яўляецца сухаром. Сухарныя вырабы. // Зроблены з сухароў, з сухарамі. Сухарны квас. Сухарны пудынг. // Звязаны з захоўваннем, вырабам і пад. сухароў. Сухарныя мяшэчкі.
сухару́кі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які дрэнна валодае або зусім не валодае рукой (рукамі) з-за атрафіі мышц. [Андрэй:] — А што ў мяне рука, дык вайну вініце. Яна вінавата, а не я. Маёй віны няма, што я цяпер сухарукі... Пташнікаў.
сухарэ́бры, ‑ая, ‑ае.
Кашчавы, з рэбрамі, якія вытаркаюцца; вельмі худы.
сухарэ́брыца, ‑ы, ж.
Разм. Рачная рыба сямейства карпавых, падобная на ляшча; гусцяра.
сухасто́іна, ‑ы, ж.
Засохлае на корані дрэва. Максім глядзеў на лес, дзівіўся прыгажосці роднага краю і думаў, чаму гэта трапляюцца сухастоіны ў лесе. Грамовіч. Недзе над самай галавой застукаў дзяцел — мусіць, у гнілую сухастоіну — моцна, што страляў усё роўна. Пташнікаў.