супако́іць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго-што.
1. Прывесці каго‑, што‑н. у стан спакою, рассеяць трывогу, непакой, хваляванне і пад. Хтосьці супакоіў .. [дзяўчат], запэўніўшы, што іхнія бацькі жывыя, а не прыехалі па паўстанак таму, што не ведалі, калі прыйдзе эшалон. Хадкевіч. [Дзед:] — Падумаеш хітрасць вялікая — касцам абед наварысты згатаваць. Было б толькі з чаго. — За гэтым не стане, — супакоіў яго Іван Іванавіч. — Выдзелім і мяса, і круп... Даніленка. Але хіба можна супакоіць матчына сэрца, калі трывожныя думкі неадчэпна лезуць у галаву. Пальчэўскі. // Прымусіць весці сябе ціха; прымусіць спыніць шум, размовы. Клас ахнуў зноў, і зноў панна Рузя перакрычала яго, супакоіла. Брыль. Тады ўсе дзяўчаты адно што гарланілі песні... Як разыдуцца, дык да раніцы іх не супакоіш. Няхай. Устаў з свайго месца манументальны Пацяроб і ўладна супакоіў публіку. Зарэцкі.
2. Разм. Узброенай сілай уціхамірыць. Супакоіць паўстанцаў.
3. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш моцным. Супакоіць боль. Супакоіць кашаль. □ [Мірон:] — А вось, калі пачнеш [Віктар] гарачыцца занадта, дык зробім адвар з кораня, каб супакоіць нервы. Маўр. // перан. Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё, перажыванне. Супакоіць рэўнасць.
4. Прывесці ў стан спакою, нерухомасці. Спяшаемся ў казку мы з табою, Праз снежны вір ацішаны ідзём, Дзе вецер завірухі супакоіў — Утаймаваліся, заснулі нават днём. Сіпакоў.
супако́й, ‑ю, м.
Тое, што і спакой. Зноў парушае супакой Вісклівым скрыпам гэта птушка. Аўрамчык. На душы супакой, Неяк радасна й сумна чагосьці. Трус.
супако́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. супакойваць — супакоіць.
супако́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да супакоіцца.
2. Зал. да супакойваць.
супако́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да супакоіць.
супако́йлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць супакойлівага.
супако́йлівы, ‑ая, ‑ае.
Які спрыяе супакаенню, нясе супакаенне. [Васіль Цімафеевіч] слухаў лагодны, супакойлівы шум зялёных вершалін соснаў, што плаўна хісталіся над ім. Мележ.
супаліме́ры, ‑аў; адз. супалімер, ‑а, м.
Палімеры, якія атрымліваюцца ўзаемадзеяннем двух або больш зыходных рэчываў — нізкамалекулярных злучэнняў (манамераў).
супараўна́льнасць, ‑і, ж.
Магчымасць узаемнага параўнання чаго‑н. Супараўнальнасць фактаў.
супараўна́льны, ‑ая, ‑ае.
Такі, што можа быць параўнаны з іншым (іншымі).