су́парт, ‑а, М ‑рце, м.
Рухомы вузел металарэзных і дрэваапрацоўчых станкоў, які ўтрымлівае разец.
[Фр. support.]
су́партавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да супарта, забяспечаны супартам. Супартавы станок.
супаста́віцца, ‑ставіцца; зак.
Суаднесціся.
супаста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак., што.
Параўнаць з чым‑н. або паміж сабой, узаемна суадносячы што‑н. Дастаткова супаставіць .. урывак з верша Багдановіча «Лясун» з купалаўскім «Чорным богам», каб убачыць адрозненні мэтавых установак паэтаў. Ярош. Хіба мастацкае слова не выклікае ў нас жадання супаставіць жыццёвыя з’явы, зрабіць свае вывады? Шкраба.
супастано́ўшчык, ‑а, м.
Пастаноўшчык, які працуе сумесна з іншым пастаноўшчыкам. У «Бацькаўшчыне» Кузьмы Чорнага Рахленка выконваў ролю немца Лявера, а неўзабаве пасля таго — ён ужо супастаноўшчык спектакля па першай п’есе Кандрата Крапівы «Канец дружбы». «Полымя».
супаста́т, ‑а, М ‑таце, м.
1. Уст. і высок. Вораг, непрыяцель. Нам не забыць ні хат, ні нават траў, Што супастатам спалены, стаптаны. Астрэйка. Няхай помняць супастаты, Што значаць бравыя салдаты. Колас.
2. Разм. лаянк. Разбойнік, злачынец, ліхадзей. [Маці:] — А, супастат... Драчонікі даўно пастылі, авечак трэба ісці займаць, а ён храпе сабе! Місько.
супаста́тка, ‑а, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Разм. лаянк. Жан. да супастат (у 2 знач.).
супастаўле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. супастаўляць — супаставіць.
супаста́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад супаставіць.