Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

супадзе́нне, ‑я, н.

1. Адначасовасць якіх‑н. фактаў, здарэнняў. Гэтыя прыметнікі ўтвараюцца ад іменных асноў, яны паказваюць збліжэнне ці супадзенне ў прасторы або ў часе. Граматыка.

2. Падабенства, агульнасць; адпаведнасць у чым‑н. У падзеях з жыцця галоўнага героя трылогіі нямала супадзенняў з біяграфіяй самога аўтара. Шкраба. Па нейкаму дзіўнаму супадзенню ў адноўлены калгас сабралі трынаццаць .. коней. Шамякін. Супадзенні тэм могуць сведчыць толькі аб жаданні маладога пісьменніка вучыцца ў Горкага. Адамовіч.

3. Злучэнне, спалучэнне. Звычайнае супадзенне абставін, ускладн[е]нае нейкімі прычынамі, з-за якіх Далінка не ўсё адкрывае следству. Асіпенка.

4. Сумяшчэнне пры накладанні (пра геаметрычныя фігуры, лініі).

супадпара́дкаванне, ‑я, н.

Кніжн. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. супадпарадкаваць.

супадпара́дкаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад супадпарадкаваць.

супадпара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.

Кніжн. Адначасова, на роўных правах падпарадкаваць многіх каму‑, чаму‑н. агульнаму, аднаму.

супадпарадко́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да супадпарадкоўваць.

супадпарадко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да супадпарадкаваць.

супазіто́рый, ‑я, м.

Тое, што і свечка (у 3 знач.).

[Лац. suppositorius — які знаходзіцца ўнізе.]

супакае́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. супакойваць — супакоіць.

2. Стан паводле знач. дзеясл. супакойвацца — супакоіцца. Мне хацелася пабегчы за .. [Тамарай], сказаць ёй нешта такое, што б прынесла ёй супакаенне. Сабаленка. [Марына] шукала супакаення ў працы. Шарахоўскі.

супако́енасць, ‑і, ж.

Стан спакою, сцішанасці. — Надзя! — сказаў я летуценна. Мне хацелася вярнуць ёй супакоенасць душэўнага хараства. Кірэенка. У прыродзе .. [герой] адчувае сапраўдную гармонію, яго асабліва радуюць яе лагоднасць, супакоенасць. Ярош. // Задаволенасць зробленым, дасягнутым. — Таму і адбылося, што супакоенасці ў нас шмат, — прамовіла Васіліна, падышоўшы аднекуль. Хадкевіч.

супако́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад супакоіць.

2. у знач. прым. Які супакоіўся, не адчувае больш непакою, хвалявання. Супакоены Віктар сеў за стол і пачаў апрацоўваць селькораўскія пісьмы. Даніленка.

3. у знач. прым. Які прыйшоў у стан спакою, нерухомасці. Над затуманенай навалаю гор у супакоеным вячэрнім небе ціха дагараў шырокі Мядзведжы хрыбет. Быкаў.