супакоіць, ‑кою, ‑коіш, ‑коіць; зак., каго-што.
1. Прывесці каго‑, што‑н. у стан спакою, рассеяць трывогу, непакой, хваляванне і пад. Хтосьці супакоіў .. [дзяўчат], запэўніўшы, што іхнія бацькі жывыя, а не прыехалі па паўстанак таму, што не ведалі, калі прыйдзе эшалон. Хадкевіч. [Дзед:] — Падумаеш хітрасць вялікая — касцам абед наварысты згатаваць. Было б толькі з чаго. — За гэтым не стане, — супакоіў яго Іван Іванавіч. — Выдзелім і мяса, і круп... Даніленка. Але хіба можна супакоіць матчына сэрца, калі трывожныя думкі неадчэпна лезуць у галаву. Пальчэўскі. // Прымусіць весці сябе ціха; прымусіць спыніць шум, размовы. Клас ахнуў зноў, і зноў панна Рузя перакрычала яго, супакоіла. Брыль. Тады ўсе дзяўчаты адно што гарланілі песні... Як разыдуцца, дык да раніцы іх не супакоіш. Няхай. Устаў з свайго месца манументальны Пацяроб і ўладна супакоіў публіку. Зарэцкі.
2. Разм. Узброенай сілай уціхамірыць. Супакоіць паўстанцаў.
3. Паменшыць, змякчыць, зрабіць менш моцным. Супакоіць боль. Супакоіць кашаль. ▪ [Мірон:] — А вось, калі пачнеш [Віктар] гарачыцца занадта, дык зробім адвар з кораня, каб супакоіць нервы. Маўр. // перан. Аслабіць або прыглушыць якое‑н. пачуццё, перажыванне. Супакоіць рэўнасць.
4. Прывесці ў стан спакою, нерухомасці. Спяшаемся ў казку мы з табою, Праз снежны вір ацішаны ідзём, Дзе вецер завірухі супакоіў — Утаймаваліся, заснулі нават днём. Сіпакоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)