Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

халу́йскі, ‑ая, ‑ае.

Пагард. Які мае адносіны да халуя, уласцівы яму. [Камендант:] — Калі не задавішся сам, сабака, .. то нам давядзецца самім апаганіць свае рукі аб тваю халуйскую скуру. Лынькоў. Аўтар выкрывае ганебныя халуйскія рысы ў дачыненні да ляснічага ў некаторых леснікоў, але ўвогуле ён малюе вобразы сялян, як увасабленне розуму, працавітасці, сумленнасці. Клімковіч. // Рабалепны, угодлівы. Яму вельмі хацелася вызначыцца перад акупантамі сваёй паганай вынаходлівасцю і халуйскай адданасцю. Казлоў.

халу́йства, ‑а, н.

Пагард. Угодлівасць, рабалепства, падхалімства. Найбольшым халуйствам сярод.. [паноў] вызначаўся маркіз Аляксандр Беляпольскі. Якімовіч. На памылках ці трэба вучыцца? Імі трэба, як зеллем, лячыцца Ад зласлівасці, ганарлівасці, Ад халуйства і ад ліслівасці. Грачанікаў.

халу́йстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

Пагард. Весці сябе па-халуйску, падхалімнічаць.

халу́па, ‑ы, ж.

Невялікая, несамавітая, бедная хата. Праз некаторы час замест старой Барысевічавай халупы.. [Тодар] паставіў новую хату, перасыпаў хлявы, гумно і пабудаваў свіран. Чарнышэвіч. [Стары:] — У людзей хаты як хаты, а ў яго [Атрохі] халупа: адну сцяну туды павяло, другую — туды. Ракітны.

[Польск. chałupa.]

халу́піна, ‑ы, ж.

Тое, што і халупа. Збудаваная за панам халупіна.. засталася цяпер Агею ва ўласнасць. Крапіва. — Чакай, чакай, а дзе ты спыніўся з сям’ёй? — спахапіўся Жыжанок. — Ды там у адной халупіне. Сабаленка.

халцэдо́н, ‑у, м.

Мінерал, разнавіднасць кварцу. На беразе.. [хлопец] назбіраў шмат бела-ружовых халцэдонаў і дымных агатаў. Караткевіч.

[Грэч. chalkēdōn.]

халцэдо́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да халцэдону; зроблены з халцэдону. Халцэдонавыя пароды. Халцэдонавы муштук.

хальказі́н, ‑у, м.

Мінерал класа сульфідаў; медны бляск.

халькапіры́т, ‑у, М ‑рыце, м.

Мінерал класа сульфідаў; медны калчадан.

халэ́мус, нескл., м.; у знач. вык.

Разм. Гібель, канец, смерць. Не праціўся лепш Ахрэму: Дасць па карку і — халэмус! Строгі, хай яго багі! Колас.