Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

халадзі́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да халадзільшчык.

халадзі́на, ‑ы, ж.

Разм. Моцны холад; халадэча. — Кволая, у сцюжу, у халадзіну, падалася [дзяўчына] з Палесся за Кіеў з мяшком за плячыма. Ракітны. А заўтра ў цэх... А ўранні — халадзіна. І, як заўжды, пад’ем у сем гадзін. Чэрня.

халадзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.

1. Рабіць халодным; ахалоджваць, астуджваць. Ралля дробна рассыпалася пад плугам і прыемна халадзіла босыя ногі. Чорны. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. / у безас. ужыв. Сёння ў машыне не было да чаго прычапіцца, таму.. [Якаў] адчуў, як пачало халадзіць спіну, і хутка вылез. Кулакоўскі.

2. і без дап. Выклікаць адчуванне холаду. Два грузчыкі.. умасціліся спераду, каля самай кабіны, тварамі супроць ветру, які не пыліць ім у вочы, а толькі прыемна халодзіць. Брыль. Ніна прыпала да вады, якая здалася вельмі чыстай і прыемна халадзіла, — піла, піла і ўсё не магла задаволіцца. Мележ.

3. перан. (звычайна са словамі «сэрца», «душу», «кроў» і пад.). Агортваць холадам пры моцным хваляванні, страху і пад. [Сцяпан] моцна адчуў сваю самотнасць. Гэта пачуццё пракрадвалася і халадзіла яго душу і раней. Дуброўскі. / у безас. ужыв. Ад страху ўсяго.. [Лёньку] халадзіла, і ляцеў ён бы на крылах. Капыловіч.

4. безас. без дап. Пра халоднае надвор’е. Дні стаялі пагодлівыя, а па начах ужо халадзіла, сяды-тады націскаў марозік. Кулакоўскі.

халадзі́шча, ‑а, м.

Велізарны холад.

халаднава́та,

1. Прысл. да халаднаваты.

2. безас. у знач. вык. Пра халаднаватае надвор’е. На вуліцы было халаднавата, дзьмуў нейкі сыры вецер. Арабей. Сонца яшчэ не ўзышло, і было даволі-такі халаднавата, аж рукі стылі. Чарнышэвіч.

3. безас. у знач. вык. Пра адчуванне прахалоды. — Халаднавата, аднак, — сказаў Толя, пагладжваючы голы плячук. Брыль.

халаднава́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць халаднаватага.

2. перан. Раўнадушныя, бясстрасныя адносіны да каго‑, чаго‑н. Стрыманасць, халаднаватасць — як нейкі абавязковы закон паводзін. Адносін да ўсіх. Ад чаго гэта? Ад апаскі, што прастата, ветлівасць шкодзіць сур’ёзнасці, пільнасці?.. Мележ.

халаднава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З памяркоўным прыемным холадам, прахалодай. Ад лесу пачалі наплываць і згушчацца змрокі, і на сяло пацягнула халаднаватаю вільгаццю паплавоў. Скрыган. Халаднаватаю раніцаю партызанскі атрад.. чакаў пачатку — калі па дарозе пойдуць калоны варожых машын. Янкоўскі.

2. перан. Раўнадушны, бясстрасны. Максім таксама спыніўся, з халаднаватай цікавасцю разглядаючы.. [Шашу]. Шамякін. Вобраз Донны Анны, які ўвогуле правільна вырашаны Карзянковай, трохі халаднаваты. «ЛіМ».

халаднакро́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. З непастаяннай тэмпературай цела, залежнай ад знешняга асяроддзя (пра жывыя арганізмы). Халаднакроўныя жывёлы.

халаднало́мкасць, ‑і, ж.

Спец. Уласцівасць матэрыялу лёгка ламацца пры нізкай тэмпературы.

халаднало́мкі, ‑ая, ‑ае.

Спец. Ломкі, крохкі пры нізкай тэмпературы. Халадналомкая сталь.