Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

убу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Упасці, уваліцца куды‑н.

убу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

Разм.

1. У вялікай колькасці ўліць, усыпаць, укласці і пад. у што‑н.; уваліць. Ураджай павінен быць сёлета добрым .. Восенню, перад сяўбой механізатары сюды [пад азімыя] столькі гною ўбухалі. Шымук.

2. Неашчадна патраціць. Столькі грошай убухалі за мэблю.

убыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. убываць — убыць (у 1 знач.).

убыва́ць, ‑ае.

Незак. да убыць (у 1 знач.).

убы́ць, убуду, убудзеш, убудзе; пр. убыў, убыла, ‑ло; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшаць, убавіцца ў колькасці, аб’ёме, сіле і пад. Убыла вада ў сажалцы. Убыў дзень. // Знікнуць, аслабець. Убыла рашучасць.

2. (звычайна з адмоўем «не»). Пражыць, прабыць пэўны час дзе‑н. Парабак не ўбыў доўга на адным месцы. Чорны. // Ужыцца з кім‑н. [Старая:] — Ты вось ляжы, як пан, а я табе ўсюды спраўлюся .. З табою ж не ўбудзе ніхто. Брыль.

убяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да убегчы.

убялі́цца, убялюся, убелішся, убеліцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Добра выбеліцца. Убялілася палатно.

2. Запэцкацца ў што‑н. белае. Убяліцца ў вапну.

убялі́ць, убялю, убеліш, убеліць; зак., што.

1. Добра выбеліць. Убяліць палотны.

2. Зрабіць усё белым, накрыць чым‑н. белым. Снег убяліў зямлю. Квецень убяліла сад.

3. Запэцкаць чым‑н. белым. Убяліць касцюм у мел.