ружо́віць, ‑віць; незак., што.
Афарбоўваць у ружовы колер, рабіць ружовым. Марознае ранне звініць па вуглах, Ружовіць на сіверы шчокі. Кляшторны. Халоднае зімовае сонца ружовіла ўсход, калі Агата з Ліпачкай прыйшлі пад глухую астрожную сцяну. Сабаленка.
ружо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які атрымліваецца ад змешвання чырвонай фарбы з белай (пра колер); светла-чырвоны. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы з нейкімі вышытымі кветкамі. Лынькоў. Сонца схавалася, і толькі ружовая палоска на небасхіле нагадвала пра скончаны дзень. Кавалёў.
2. З румяным, здаровым колерам твару (пра чалавека). Ружовы, тугі, як мяч, хлапчук барабаніў ножкамі па начоўках — толькі пырскі ляцелі ва ўсе бакі. Васілевіч. Хто там можа давесці, што .. [дзяўчынка] ўжо ела, што пара было б падкурчыць пад пухлую, ружовую шчочку кулачок і спаць. Брыль.
3. перан. Нічым не азмрочаны, радасны, светлы. І палкоўнік аддаўся самым ружовым марам аб недалёкім будучым. Лынькоў. З Петрусём усё ехала: радасць, шчасце, ружовыя надзеі. Нікановіч.
•••
Глядзець праз ружовыя акуляры на каго-што гл. глядзець.
У ружовым святле гл. святло.
ружо́ўнік, ‑а, м.
Гадавальнік, дзе вырошчваюцца ружы, а таксама кветнік руж.
ружэ́йнік, ‑а, м.
Гіст. Воін, узброены ружжом.
ружэ́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да ружжа. З самай раніцы ўсё кругом напоўнілася громам артылерыі і кулямётна-ружэйнай страляніны. М. Ткачоў. // Прызначаны для ружжа. Ружэйны патрон. Ружэйнае масла.
2. Які праводзіцца з ружжом. Ружэйны прыём.
руі́на, ‑ы, ж.
1. звычайна мн. (руі́ны, ‑ін). Рэшткі разбуранага збудавання, паселішча. Было горка і цяжка мінчанам: Дзе быў горад — руіны адны. Астрэйка. Руіны ў горадзе паступова знікалі, горад аднаўляўся, залечваў раны. Хадкевіч. Яшчэ дыміліся руіны, Вайна грымела навакол, А ўжо твой голас сакаліны Мы сэрцам чулі, камсамол. Хведаровіч. // Разм. уст. Збудаванне, якое знаходзіцца ў вельмі запушчаным стане. Падрыхтаваўшы ўсё да вечарыны, Яна [Альбіна] на рэчку выйшла і крадком Пераплыла на лодцы да руіны На беразе пад ясенем старым. З. Астапенка.
2. перан. Разм. Слабы, хворы ад старасці або якога‑н. перажывання чалавек. І што сталася з дзяўчыны! Што зрабіла з яе цьма? Адна форма, стан руіны, А Ганусі ўжо няма... Колас. Аднак зусім нелагічна падаваць Быкоўскага [дзеючую асобу камедыі «Паўлінка»] старою руінаю, у дадатак да ўсяго брыдкаю і дурною. Лужанін.
•••
Ляжаць у руінах гл. ляжаць.
[Лац. ruina.]
руі́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да руіны (у 1 знач.). Руінны мармур.
руйнава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. руйнаваць.
руйнава́цца, ‑нуецца; незак.
1. Ператварацца ў руіны; разбурацца. Ляцелі пад адхон цягнікі, руйнаваліся масты... Мележ. Пабудаваны менш чым паўтара века назад, .. [гродзенскі замак], нягледзячы на гэта, заняпаў і не толькі стаў рабіцца лядаш[ч]ым, але сям-там пачаў і руйнавацца. Караткевіч. // Ліквідавацца, знішчацца. Ірваліся кайданы іслама, руйнаваліся спрадвечныя законы шарыята. «Работніца і сялянка». У пагоні за кавалкам хлеба руйнуецца душа, годнасць чалавека... Пестрак.
2. Зал. да руйнаваць.
руйнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.
Ператвараць у руіны; разбураць. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, нішчаць людзей. В. Вольскі. Бывае і так, што руйнуе Плаціну вада; у гэтую пору Струяцца апошнія хвалі І сохне няшчасны ставок. Багдановіч. // Ліквідаваць, знішчаць. А лепш за ўсё гаіла .. [Зосіны] душэўныя раны дабрата людская. Яна руйнавала рэшткі недаверу яе да людзей і жыцця. Шамякін.